Другі дзень спаборніцтваў стаў насычаным і запамінальным для ўдзельнікаў. Раніца пачалася з актыўных дзеянняў: марафонцы дэманстравалі свае навыкі ў рамках ваенна-спартыўных мерапрыемстваў "Да абароны Айчыны гатовы". Ім трэба было паказаць уменні ў стральбе і кіданні гранат. Усе спаборніцтвы праходзілі пад наглядам афіцэраў і курсантаў ваеннага факультэта. А таксама адбыўся вольны творчы конкурс.
Паралельна праходзіў конкурс "Гаспадар і гаспадыня", дзе ўдзельнікі выпякалі традыцыйныя караваі і стваралі дэкаратыўныя вырабы з дрэва. Свае працы яны прадэманстравалі на ўрачыстай цырымоніі, дзе журы высока ацаніла іх творчасць. Да ўдзельнікаў прэзентацыі звярнулася рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна пажадала ім поспеху і адзначыла, што ў журы няпростая задача, бо ўсе вырабы атрымаліся цудоўнымі!
Таксама адбыліся дэбаты, дзе ўдзельнікі паказвалі ўменне граматна і аргументавана адстойваць свой пункт гледжання. Завершыцца дзень конкурсам "Творчая прэзентацыя ўстановы адукацыі".
Вынікі спаборніцтваў падвядуць заўтра на ўрачыстым закрыцці марафону. Пакуль застаецца толькі чакаць і сачыць за навінамі на сайце ўніверсітэта і ў сацсетках!