Гэты праект аб'яднаў школьнікаў профільных класаў педагагічнай і інжынернай накіраванасцей. На працягу 10 дзён рабят чакае насычаная праграма: экскурсіі па факультэтах і падраздзяленнях універсітэта, трэнінгі, конкурсы, майстар-класы і шмат іншага.
– На працягу дзесяці дзён яны пройдуць тэсціраванне па беларускай мове, напішуць кантрольную працу па матэматыцы і дыктоўку па рускай мове. Таксама падрыхтавана кантрольная работа па фізіцы, тэсціраванні па англійскай мове і гісторыі Беларусі, – адзначыла начальнік цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Лапкоўская.
Удзел у летняй школе дае магчымасць пазнаёміцца з універсітэцкім асяроддзем, удасканаліць свае веды і вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.
Навучэнец сярэдняй школы № 7 горада Ваўкавыска Мацвей Карнялюк у Купалаўскім універсітэце ўжо ў трэці раз і лічыць, што дадзеная школа дапаможа праверыць веды і даведацца пра ўстанову адукацыі, у якую хлопец плануе паступаць.
– Мне падабаецца ўніверсітэт імя Янкі Купалы і для мяне ён сапраўды першы. Ён першы для мяне ў Беларусі, і вядома, пасля 11 класа хочацца вярнуцца менавіта сюды, – падзяліўся малады чалавек.
У першы дзень працы школы з юнакамі сустрэўся першы прарэктар Аляксандр Карэўскі. Таксама хлопцы наведалі Студэнцкі медыяцэнтр, навуковую бібліятэку, дзе з цікавасцю акунуліся ў інтэлектуальную гульню «Навуковая бібліятэка – крыніца ведаў!» і прайшліся па вуліцах горада падчас экскурсіі «Вядомы-невядомы Гродна!». Наперадзе школьнікаў чакае шмат адкрыццяў і дасягненняў, а кожны дзень стане падставай для новых здзяйсненняў і магчымасцей.