Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 09 Верасень 2025 13:13

Інавацыі і абмен вопытам: купалаўцы прынялі ўдзел у адкрыцці новага цэнтра ў Кітаі

5330225526289332566З 4 па 6 верасня дацэнт кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій Аляксандр Антонаў і аспірант факультэта біялогіі і экалогіі Аляксей Саўко прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да адкрыцця першага навучальнага года Інавацыйнага цэнтра падрыхтоўкі аспірантаў «Кітай – ШАС». Ён створаны па ініцыятыве Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта і пры ўдзеле Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Мерапрыемствы ўключалі цырымонію адкрыцця Міжнароднай канферэнцыі 2025 года па супрацоўніцтве ў сферы навукі, адукацыі і прамысловасці ў Паўночна-Усходнім Кітаі, урачыстую цырымонію адкрыцця Інавацыйнага цэнтра падрыхтоўкі аспірантаў «Кітай – ШАС», запуск Міжнароднага кампуса Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта і лагер абменаў вопытам і інавацыямі для маладых аспірантаў ШАС. Таксама для гасцей арганізавалі экскурсію ў Нацыянальны навукова-тэхнічны інфраструктурны комплекс – наземны сімулятар касмічнага асяроддзя.

Стварэнне цэнтра падрыхтоўкі аспірантаў «Кітай – ШАС» накіравана на ўкараненне высакаякаснай мадэлі сумеснай падрыхтоўкі аспірантаў міждысцыплінарнага, міждзяржаўнага, міжуніверсітэцкага і міжгаліновага характару. Пры падрыхтоўцы навучэнцаў цэнтр будзе абапірацца на прынцыпы інтэрнацыяналізацыі, глыбокую інтэграцыю адукацыі, навукі і прамысловасці, а таксама міждысцыплінарнае ўзаемадзеянне. На пачатковым этапе будаўніцтва цэнтр засяроджаны на некалькіх асноўных напрамках: энергетыка, нанаматэрыялы, інфармацыйныя тэхналогіі, аграномія, медыцына, юрыспрудэнцыя, рэгіянальныя і краінавыя даследаванні і г.д. Таксама плануецца ўкараненне сістэмы падвойнага навуковага кіраўніцтва, у рамках якой будзе рэалізаваны пілотны праект па сумеснай абароне дысертацый і распрацаваны брэндавыя адукацыйныя праграмы, такія як навучальны лагер ШАС па вытворчых сілах новай якасці, зімовыя і летнія школы і інавацыйны акселератар. Будзе прадстаўлены абноўлены фармат прызнання акадэмічных крэдытаў – «ШАС: версія 2.0», запушчана «Праграма акадэмічнай мабільнасці тэрмінам на адзін год», укаранёны механізм «рэгулярнага прыцягнення замежных выкладчыкаў», заснавана пасада «Chair Professor SCO» і створаны сумесныя лабараторыі і прамысловыя навучальныя базы.

Аляксандр Антонаў прыняў удзел у першым рабочым пасяджэнні Савета Інавацыйнага цэнтра падрыхтоўкі аспірантаў «Кітай – ШАС», на якім была зацверджана эмблема цэнтра, а таксама разгледжаны праект «Харбінская дарожная карта ШАС па інавацыйнай падрыхтоўцы аспірантаў».

Аляксей Саўко таксама стаў актыўным удзельнікам аднаго з мерапрыемстваў. Ён выступіў у рамках Лагера абмену вопытам і інавацыямі для маладых аспірантаў ШАС, дзе на англійскай мове прадставіў сваю інавацыйную распрацоўку па механізмах рэгуляцыі функцыянальнай актыўнасці мітахондрый гепатацытаў біялагічна актыўнымі злучэннямі расліннага паходжання і лекавымі сродкамі.