Дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалай Грынько правёў экскурсію па выставе, прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Мікалай Уладзіміравіч расказаў аб творах і аўтарах і падкрэсліў, што выстава з’яўляецца сумесным праектам Купалаўскага ўніверсітэта і Гімназіі № 5 імя У.С. Караткевіча г. Гродна, на базе якой працуюць філіялы кафедр выяўленчага і музычнага мастацтва.
Асобная ўвага была звернута на кніжную выставу «Быў. Ёсць. Буду», сярод выданняў – поўныя зборы твораў класіка, кніга, дзе ўпершыню надрукаваны празаічны твор пісьменніка, прыжыццёвыя выданні і іншыя. Адметным быў зварот да зборніка паэзіі «Мая Іліяда», на якім знаходзіцца дарчы аўтограф аўтара падчас сустрэчы са студэнтамі. Акрамя таго, быў прадэманстраваны фрагмент відэазапісу з 50-гадовага юбілею класіка, дзякуючы чаму наведвальнікі выставы змаглі пачуць словы-наказ вялікага беларускага пісьменніка.
У завяршэнні сустрэчы паэтэса Таццяна Яцук падарыла бібліятэцы Купалаўскага ўніверсітэта свае апошнія зборнікі паэзіі, якія ўжо чакаюць свайго чытача!