Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 17 Красавік 2025 08:39

У ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя кнігі "Наш Прэзідэнт"

главнаяПрэзентацыя дакументальна-біяграфічнага выдання "Наш Прэзідэнт" з удзелам членаў аўтарскага калектыву - Аляксандра Радзькова і Аляксандра Карлюкевіча - прайшла 16 красавіка.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў чарговы раз стаў пляцоўкай для значнага грамадскага мерапрыемства. Сёння тут правялі прэзентацыю новага дакументальна-біяграфічнага выдання "Наш Прэзідэнт", аўтарамі якога з'яўляюцца Аляксандр Радзькоў, Наталля Эйсмант, Уладзімір Пярцоў, Аляксандр Карлюкевіч. Кніга прысвечана жыццю і дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і ўяўляе сабой глыбокае даследаванне яго асобы і той ролі, якую яна адыграла ў станаўленні і развіцці сучаснай Беларусі.

У рамках мерапрыемства працавала выстаўка навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта пад назвай “30 гадоў Інстытуту Прэзідэнцтва Рэспублікі Беларусь”, а таксама быў арганізаваны продаж самой кнігі “Наш Прэзідэнт”. Першымі пакупнікамі сталі рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка і галоўны трэнер футбольнага клуба “Нёман” Ігар Кавалевіч.

Кніга "Наш Прэзідэнт" паступіла ў фонд навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы каля месяца таму, і многія купалаўцы ўжо паспелі з ёй пазнаёміцца. Сярод іх – студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта Юлія Багдзевіч:

- Чытаючы гэтую кнігу, адзначыла для сябе, што біяграфія Прэзідэнта ўключае не толькі перыяд яго кіраўніцтва краінай, але і студэнцтва. Ён паказаны як звычайны чалавек, які жыве тымі ж клопатамі, што і мы. Гэтая кніга прызначаная для ўсіх патрыётаў Беларусі, і кожны грамадзянін нашай краіны павінен прачытаць яе. Асабліва моладзь. Бо наша Беларусь не заўсёды была такой, як зараз. Былі цяжкія часы, якія яна абмінула пад кіраўніцтвам Аляксандра Рыгоравіча. Гэта ў кнізе добра адлюстравана.

На сустрэчы аўтары – Аляксандр Радзькоў, доктар педагагічных навук, прафесар і заслужаны дзеяч навукі Беларусі, і Аляксандр Карлюкевіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і кіраўнік УП “Выдавецтва “Беларусь”, падзяліліся гісторыяй стварэння кнігі і расказалі пра яе фундаментальнае значэнне для краіны.

 – На такіх сустрэчах мы заўсёды адчуваем цікавасць да кнігі. Зразумела, што гэта цікавасць да Прэзідэнта. Мы заўважаем, што гэтая цікавасць размеркавана. Людзей старэйшага пакалення цікавіць асобу лідара нашай нацыі ў цэлым. Яны адчуваюць гонар за яго чалавечыя якасці, а, дапусцім, навукоўцаў цікавіць філасофія станаўлення асобы - яны ўнікаюць у тэкст. Моладзь знаходзіць інструкцыю, як дабіцца поспеху ў жыцці. Няхай не да ўзроўню Кіраўніка дзяржавы, але на сваім пэўным узроўні - у школе, ВНУ, на прадпрыемстве, ва ўстанове. Як сябе развіваць - тут ёсць прыклад і паказальны, і доказны. Жанчын Аляксандр Рыгоравіч цікавіць як бацька - яго фатаграфіі, яго дзеці. Настаўнікаў цікавіць, як ён вучыўся, вайскоўцаў - якія задачы вырашае як Галоўнакамандуючы. Гэтая размеркаванасць сведчыць аб шчырай цікавасці ў людзей розных пакаленняў, прафесій, узроўню адукацыі ў адносінах да зместу гэтай кнігі, – адзначыў адзін з аўтараў выдання Аляксандр Радзькоў.

На прэзентацыі кнігі прысутнічалі старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Караеў, мэр горада Гродна Андрэй Хмель, прадстаўнікі адміністрацыі Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў горада, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, прадстаўнікі спартыўнай грамадскасці, студэнты і супрацоўнікі трох ВНУ Гродна - усяго больш за 700 удзельнікаў.

Мадэратарамі сустрэчы выступілі рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

- Кожны з нас можа сказаць, што гэтая кніга пра майго Прэзідэнта, таму што Аляксандр Лукашэнка - гэта сапраўды наш Прэзідэнт. чалавек з простай сям'і дзякуючы сваёй працы змог дамагчыся найвышэйшай пасады ў краіне і вось ужо трыццаць гадоў вядзе яе па правільным шляху, - адзначыла рэктар універсітэта Ірына Кітурка.

У сваёй вітальнай прамове да ўдзельнікаў мерапрыемства старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта падзялілася ўражаннем ад прачытанай кнігі "Наш Прэзідэнт":

- Кнігу "Наш Прэзідэнт" неабходна перачытаць некалькі разоў, каб разумець, якую ролю адыграла асоба Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў фарміраванні нашай краіны, бо дзякуючы яму сёння мы маем цудоўную мірную вясну, якаснае жыццё і ўпэўненую будучыню нашай краіны. Адны старонкі кнігі чыталіся лёгка і хутка, а іншыя патрабавалі прыпынку і глыбокага разважання.

Як расказалі аўтары, у кнізе прадстаўлены тры раздзелы, якія ахопліваюць шлях Аляксандра Лукашэнкі ад дзяцінства да ключавых грамадска-палітычных падзей, якія вызначылі лёс Беларусі.

- Праца над выданнем вялася тры гады, і мэтай аўтараў было стварыць мастацкі вобраз, які б прыцягваў чытачоў і прымушаў іх задумацца аб найважнейшых момантах з жыцця Прэзідэнта. Аўтары імкнуліся паказаць працэс фарміравання сапраўднага лідара, які бярэ на сябе адказнасць за сваю краіну, - падкрэсліў Аляксандр Радзькоў.

Як адзначыў Аляксандр Карлюкевіч, выданне грунтуецца на шырокім архіўным матэрыяле, уключае ў сябе мноства раней неапублікаваных дакументаў і фатаграфій, і дазваляе па-новаму зірнуць на ключавыя моманты гісторыі незалежнай Беларусі:

Перад аўтарамі стаяла няпростая задача: трэба было вызначыць жанр кнігі. Мы шукалі фармат, каб з шырокага матэрыялу адабраць самае галоўнае, і выбралі для гэтага жанр дакументальна-біяграфічнага нарысу. Яшчэ адзін аспект, які нам не даваў спакою, гэта візуалізацыя. Неабходна было паказаць асобу Кіраўніка дзяржавы і адлюстраваць яе дзейнасць. Мы выбралі ўнікальны фармат, дадаўшы да фатаграфій асобныя артэфакты, звязаныя, напрыклад, з вучобай Аляксандра Рыгоравіча, яго выбарчай кампаніяй, – усе гэтыя дакументы мы ўклалі ў канверты і такім чынам дапоўнілі матэрыял невядомымі шырокай аўдыторыі матэрыяламі. Сёння кнігу дастаткова няпроста не толькі напісаць, але і прадаць. Але заўважу, што зараз у нашай прасторы агульнай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ідзе спрэчка паміж буйнымі кнігагандлёвымі сеткамі і маркетплейсамі аб устанаўленні цаны на кнігу.

У час сустрэчы прагучалі пытанні з залы. Яны датычыліся фарміравання аўтарскага калектыву, адносін да ідэі напісання кнігі самога Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, а таксама галоўных якасцей, уласцівых нашаму Прэзідэнту.

Аляксандр Рыгоравіч вылучаецца сваёй бязмежнай любоўю да роднай Беларусі і беларускага народа. Шмат гадоў я працавала поплеч з ім, і на кожнай нарадзе ён казаў, што трэба думаць у першую чаргу пра людзей, каб ім жылося лягчэй, камфортней, шчаслівей. У любога пакалення былі свае куміры. Наша пакаленне раўнялася на Алега Кашавога, Зою Касмадзям'янскую, Ульяну Громаву, потым на Юрыя Гагарына, Валянціну Церашкову. Лічу, што для сёлетніх маладых людзей кумірам можа быць гэты вялікі чалавек, патрыёт, абаронца Беларусі, які думае пра будучыню і будучыя пакаленні – Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Вучыцеся ў яго! А гэтую кнігу зрабіце сваёй настольнай кнігай! - звяртаючыся да моладзі, адзначыла Марыя Бірукова, якая шмат гадоў курыравала сацыяльную сферу рэгіёну і была сведкам найважнейшых падзей у гісторыі развіцця Гродзеншчыны і ўсёй Беларусі.

Прэзентацыя скончылася памятнай аўтограф-сесіяй. Таксама для гасцей мерапрыемства была арганізавана экскурсія па Купалаўскім універсітэце з наведваннем музея гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы і абноўленай экспазіцыі патрыятычнага цэнтра.