Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 18 Красавік 2016 15:58

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы разам з кадэтамі і школьнікамі горада чыталі творы Кандрата Крапівы

13901 2Першае мерапрыемства абласной літаратурнай акцыі «Чытаем разам» адбылося 13 красавіка 2016 года ў сценах абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага. У гэтым годзе акцыя прайшла пад дэвізам «Без чытання немагчыма развіццё і станаўленне чалавека» і прысвечаная тыорчасці вядомага беларускага пісьменніка і паэта, драматурга, перакладчыка і літаратуразнаўца Кандрата Крапівы, 120-годдзе з дня нараджэння якога святкавалі ў сакавіку.

На сустрэчу былі запрошаны ганаровыя госці - пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Мікалаевіч Марозаў і начальнік упраўлення мастацтва, культурна-асветных устаноў, народнай творчасці і навучальных устаноў Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена Віктараўна Клімовіч.

Таксама ў мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кадэты і школьнікі.

Купалаўцы прадэманстравалі арыгінальнае і абноўленае разуменне мастацкіх твораў Кандрата Крапівы: студэнты прадставілі тэатралізаваныя пастаноўкі, прачыталі байкі і сатырычныя вершы аўтара, якія застаюцца актуальнымі і сёння.

Літаратурная акцыя «Чытаем разам» будзе доўжыцца на працягу ўсяго 2016 года: у рамках яе пройдуць мерапрыемствы, накіраваныя на прыцягненне ўвагі жыхароў Гродзеншчыны да беларускай літаратуры. Плануецца, што ў іх прымуць удзел неабыякавыя гарадзенцы, творчая інтэлігенцыя горада, прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

Арганізатарамі акцыі выступілі ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага і навуковая бібліятэка ГрДУ імя Янкі Купалы.