Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 26 Жнівень 2022 16:25

У ГрДУ імя Янкі Купалы завяршыла працу Летняя акадэмія рускай мовы

IMG 1264 4Ужо трэці раз Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы адчыніў свае дзверы для замежных гасцей, якія хочуць глыбей вывучыць рускую мову ў Летняй акадэміі рускай мовы.

Летняя акадэмія рускай мовы "вырасла" з Летняй школы, але заняткі ў акадэміі значна адрозніваюцца. Замежнікам быў прапанаваны зусім іншы ўзровень вывучэння рускай мовы. Тут слухачы не толькі ўдасканальвалі моўныя навыкі, але і развівалі даследчыя кампетэнцыі ў галіне прыкладной лінгвістыкі і асноўная яе мэта – стварэнне навуковага праекта.

Усе даследаванні слухачы праводзяць выключна на гродзенскім матэрыяле, што надае рабоце ўнікальнасць і аўтэнтычнасць. У гэтым годзе замежныя госці вывучалі найменні мясной і малочнай прадукцыі, што вырабляецца ў нашым рэгіёне. Яны канцэнтраваліся на тыпалогіі і семантыцы, марфалагічным складзе, шукалі заканамернасці.

Таксама ў праграме Летняй акадэміі ў студэнтаў быў чатырохгадзінны ўрок рускай мовы штодня з дасведчаным выкладчыкам. Яны прайшлі па выбары 10-гадзінны курс: "Дзелавая руская" або "Вывучэнне культуры праз мову". Акрамя гэтага, былі кулінарны майстар-клас, лекцыя па беларускай гісторыі і культуры, экскурсіі і штодзённая магчымасць практыкаваць рускую мову з беларускімі студэнтамі.

Навучанне ў Летняй акадэміі завяршылася абаронай навуковых праектаў. Усе студэнты паспяхова справіліся з напісаннем сваіх работ, таму павязуць дадому не толькі яркія ўражанні, але і якасную навуковую працу!