Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 19 Люты 2016 15:02

Праект студэнта ГрДУ імя Янкі Купалы Міхаіла Ярмоленка па выніках інтэрнэт-галасавання заняў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі»

13230 6На базе Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» 15 лютага 2016 года прайшоў фінальны этап рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». У мерапрыемстве, якое праходзіла ў фармаце «Шоў тэхналогій: выстава маладзёжных інавацый-2016», прынялі ўдзел прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Узначаліў дэлегацыю нашай ВНУ сакратар ПА ГА «БРСМ» ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Генадзьевіч Есін. У яе склад увайшлі аўтары розных праектаў, якія былі прадстаўлены на «100 ідэй для Беларусі». Сярод удзельнікаў загадчык кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій Аляксандр Сяргеевіч Варанцоў (праект «Эфектыўная Бяспека»), выпускнік магістратуры 2016 года Павел Стахейка (праект «Мабільная прылада для рэалізацыі электрагідраўлічнага эфекту», кіраўнік - намеснік дэкана фізіка-тэхнічнага факультэта Вікенцій Вікенцьевіч Таркоўскі), студэнтка фізіка-тэхнічнага факультэта Ірына Чарнякова (праект «Эка-посуд»).

Праект «Зялёная паркоўка» студэнта факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Міхаіла Ярмоленка эксперты конкурсу адзначылі як інавацыйны (кіраўнік - загадчык кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій А.С. Варанцоў). Па выніках інтэрнэт-галасавання ён заняў першае месца ў намінацыі «100 ідэй для Беларусі анлайн». Ідэя Міхаіла заключаецца ў стварэнні асаблівых рашотак з другаснай сыравіны, у прыватнасці, з палімераў. Пластыкавыя каркасы, усярэдзіне якіх будзе расці звычайная газона трава, плануецца размяшчаць у густанаселеных мікрараёнах горада пры будаўніцтве парковачных месцаў.

У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Іванавіч Бузоўскі, які адзначыў, што сёння моладзевыя ініцыятывы - гэта рэальныя ідэі, якія дазваляюць атрымаць прыбытак асобнаму прадпрыемству і цэлай галіны: «Такія распрацоўкі па вартасці ацэньваюцца беларускай навуковай супольнасцю і дзяржавай. Я шчыра спадзяюся, што тыя задумкі, якія ёсць у моладзі, будуць увасоблены і не абмяжуюцца прэзентацыямі на выставах». Таксама Ігар Іванавіч падкрэсліў, што праекты, прадстаўленыя на конкурсе «100 ідэй для Беларусі» ў мінулыя гады, ужо дазволілі дзяржаве выйсці на імпартазамяшчэнне па некаторых лакальных пазіцыях і прыўнеслі новае ў развіццё пэўных сфер вытворчасці.