У рамках нарады кіраўнікі суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры абмеркавалі перспектывы развіцця навукова-тэхналагічных паркаў і іх роля ў развіцці не толькі ўстаноў адукацыі, але і краіны ў цэлым. Бо ў бягучай пяцігодцы адзін з асноўных напрамкаў работы - развіццё рэгіёнаў. І тэхнапаркі - гэта адна з апорных кропак эканамічнага ўдасканалення на месцах. Гэтыя аб'екты - цэнтр інавацыйных ідэй і свежых праектаў, якія могуць актыўна рэалізавацца дзякуючы ўсебаковай падтрымцы кіраўніцтва тэхнапаркаў і дзяржавы. У далейшым рэалізаваныя бізнес-ідэі ўнясуць свой уклад у эканамічнае развіццё краіны.
Як адзначыў першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, у хуткім часе Тэхнапарк Купалаўскага ўніверсітэта зможа яшчэ больш актыўна ўключыцца ў работу па развіцці бізнесу на месцах дзякуючы адкрыццю другой чаргі тэхнапарку, якое адбудзецца ўжо ў бліжэйшы час. З уводам у эксплуатацыю другой чаргі Тэхнапарк выйдзе на зусім новы ўзровень. У распараджэнні прадпрымальнікаў апынуцца 6500 квадратных метраў, 16 вытворчых і офісных памяшканняў, выставачная зала, зоны каворкінгу.
Падрабязней аб інавацыйнай пляцоўцы ГрДУ імя Янкі Купалы расказаў дырэктар РУП "Тэхналаб" у статусе навукова-тэхналагічнага парка Аляксандр Васілевіч.
Дапоўніць уяўленне аб аб'ектах інавацыйнай інфраструктуры змагла выстава навукова-тэхналагічных паркаў, дзе была прадэманстравана наглядная інфармацыя аб дзейнасці інавацыйных пляцовак. Аб дзейнасці Тэхнапарка ГрДУ імя Янкі Купалы наведвальнікам выставы расказала начальнік Цэнтра трансферу тэхналогій Алена Апякун.
Нарада па пытанні стану і перспектыў развіцця суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры, створаных у сістэме Міністэрства адукацыі, прайшла ў рэжыме анлайн.


