Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 05 Сакавік 2026 16:12

Творчы падарунак да 8 Сакавіка: у навуковай бібліятэцы Купалаўскага ўніверсітэта адкрылася тэматычная выстава «Скарб душы»

IMG 0355Сёння, 5 сакавіка, напярэдадні самага далікатнага свята года - Дня жанчын, навуковая бібліятэка ГрДУ імя Янкі Купалы напоўнілася прыгажосцю і асаблівай цеплынёй. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва студэнтаў і супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта – «Скарб душы «У вясны душа жанчыны».

Адкрыў выставу дырэктар навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта Мікалай Грынько.

Праз некалькі дзён мы будзем святкаваць самае прыгожае свята – Жаночы дзень. І яшчэ раз будзем гаварыць Вам, мілыя дамы, якія Вы прыгожыя, элегантныя, чароўныя і вялікую колькасць іншых эпітэтаў. З другога боку, мы памятаем, што гэты год у нашай краіне аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. Сапраўды, гэта даніна павагі, любові да тых, на якіх, па вялікім рахунку, трымаецца свет. Мэта сённяшняй выставы – паказаць, якая ўнікальная купалаўская жанчына, незалежна ад яе сацыяльнага статусу, пасады і ўзросту, – адзначыў Мікалай Грынько.

На выставе прадстаўлены ўпрыгожанні з натуральных камянёў, вытанчаныя карціны, іконы, а таксама арыгінальныя свечкі і цацкі з эпаксіднай смалы. Акрамя таго, наведвальнікі змогуць убачыць ручнікі, калекцыю адзення і мяккія цацкі, кожная з якіх выканана з душой і любоўю.

Асаблівы святочны настрой на цырымоніі адкрыцця стварылі музычныя нумары, якія сталі гарманічным дадаткам да візуальнай эстэтыкі выставы.

Выстава будзе працаваць з 5 па 20 сакавіка. Запрашаем усіх жадаючых дакрануцца да прыгожага, натхніцца талентамі калег і аднакурснікаў, а таксама адчуць надыход вясны.