У старшакласнікаў будзе дзесяць дзён, каб пазнаёміцца з універсітэцкім жыццём і прапанаванымі спецыяльнасцямі. Рабят чакаюць займальныя майстар-класы, сустрэчы і спартыўныя гульні. Кульмінацыяй змены стане конкурс «Самы разумны», дзе ўдзельнікі змогуць прадэманстраваць свае веды па біялогіі, фізіцы, гісторыі Беларусі, беларускай і англійскай мовах.
– Дарагія навучэнцы, ужо ў наступным годзе вы будзеце стаяць перад важным выбарам. І мяркуючы па тым, што вы тут, ваш выбар будзе правільным. Універсітэт – важная частка жыцця. Тут вы навучыцеся сябраваць, кахаць, асвоіце жаданую прафесію. Гэтае месца адкрые перад вамі ўсе дзверы. Кожны год да нас прыязджае вялікая колькасць таленавітых хлопцаў з уражлівымі партфоліё. Выдатна, што вы такія. Наша ж задача – ва ўсім вам дапамагаць. Гэты апошні год дзяцінства я жадаю вам правесці насычана, – адзначыў ва ўступным слове першы прарэктар Аляксандр Яўгенавіч Карэўскі.
Таксама перад навучэнцамі выступілі старшыня прафсаюзнага камітэта навучэнцаў ГрДУ імя Янкі Купалы Вадзім Гунько і сакратар першаснай арганізацыі ГА «БРСМ» ГрДУ імя Янкі Купалы Ягор Бухгароўскі. Яшчэ ўчорашнія выпускнікі распавялі гасцям пра ўніверсітэцкае жыццё, пазавучэбныя мерапрыемствы і навучальны працэс.
– Я прымаю ўдзел у «Купалаўскім старце» ужо другі раз. Сёлета хачу даведацца больш пра ўніверсітэт, наведаць розныя факультэты, пазнаёміцца з новымі людзьмі і выкладчыкамі. Хачу раскрыцца і ў будучыні паступіць сюды на спецыяльнасць «Рамана-германская філалогія (англійская)». Мне вельмі падабаюцца мовы і праца з людзьмі, – расказала навучэнка СШ № 7 г. Ваўкавыска Варвара Шыман.
Наперадзе яшчэ мноства экскурсій, трэнінгаў і акцый. Нагадваем, што шматпрофільная летняя школа «Купалаўскі старт» будзе праходзіць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы з 29 чэрвеня да 10 ліпеня.
Сёння, 29 чэрвеня, у Купалаўскім універсітэце адбылося адкрыццё гадовай змены шматпрофільнай школы «Купалаўскі старт». У гэтым годзе яе ўдзельнікамі стануць навучэнцы сярэдняй школы № 7 г. Ваўкавыска.







