Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 26 Май 2026 18:08

Аптымізацыя падачы дакументаў: у ГрДУ імя Янкі Купалы функцыянуе Лічбавы кабінет абітурыента

фото25 мая ў рамках праекта БелТА "Краіна гаворыць" прайшла размова з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Удзельнікам праграмы стаў адказны сакратар прыёмнай камісіі Купалаўскага ўніверсітэта Авак Вартанян.

Адной з агучаных тэм стала пытанне аб тым, ці можна падаць дакументы ў ВНУ анлайн. На яго адказаў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчаў.

Як адзначыў Сяргей Мікалаевіч, у электронным выглядзе падаць дакументы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы абітурыенты не могуць, аднак аптымізацыя працэсу падачы дакументаў з дапамогай тэхналогій адбываецца. Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі, зараз ёсць магчымасць папярэдняй рэгістрацыі на падачу дакументаў, а таксама ў большасці ВНУ створаны асабістыя кабінеты абітурыентаў.

Лічбавы кабінет абітурыента ёсць і ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Ён пачаў сваю працу ў 2020 годзе і паспяхова функцыянуе ў цяперашні час, робячы этап паступлення для будучых студэнтаў зручнейшым.

Праз Лічбавы кабінет абітурыенты могуць у рэжыме анлайн адправіць дакументы на паступленне, каб прыёмная камісія магла правесці іх папярэднюю праверку; у рэжыме рэальнага часу адсочваць статус праверкі дакументаў; пасля апрацоўкі дакументаў самастойна раздрукаваць заяву на ўдзел у конкурсе па выбранай спецыяльнасці (групе спецыяльнасцей) і дагавор на навучанне; зарэгістравацца ў электроннай чарзе для асабістай падачы дакументаў. Таксама ў Лічбавым кабінеце абітурыента можна ў рэжыме рэальнага часу задаць пытанні аб паступленні, навучанні, студэнцкім жыцці і магчымасцях самарэалізацыі, а таксама атрымаць інфармацыю аб выніках здачы ўступных іспытаў і залічэння.

Лічбавы кабінет абітурыента з'яўляецца незаменным памочнікам на самым першым і важным этапе студэнцкага жыцця - паступленні.