У знак падзякі героям-вызваліцелям горада навучэнцы сярэдняй школы № 7 горада Ваўкавыска падрыхтавалі і прапанавалі невялікую канцэртную праграму для супрацоўнікаў універсітэта. Юныя артысты расказалі пра гісторыю вызвалення Гродна і пранікнёна выканалі музычныя нумары, аддаўшы даніну павагі подзвігу савецкіх салдат.
– Гэты дзень сімвалізуе не толькі перамогу, але і адзінства, сілу духу і стойкасць нашых продкаў. Памяць аб тых, хто падарыў гарадзенцам мірнае неба, павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. І мы, як моладзь, павінны таксама яе перадаваць, – падзялілася ўдзельнік шматпрофільнай летняй школы «Купалаўскі старт» Анастасія Сцяпанава.
Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка шчыра падзякавала ўсім удзельнікам акцыі за праяўленую ініцыятыву і трапяткое стаўленне да гісторыі.
– Колькі сем'яў не стварылася, колькі дзяцей не нарадзілася. Мы да сённяшніх дзён, праз 81 год пасля вайны, не можам дасягнуць той лічбы насельніцтва, якая была перад вайной. Дзякуй за тое, што памятаеце, бо самае галоўнае – гэта памяць, – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Пасля заканчэння канцэртнай праграмы гледачы змаглі выказаць сваю любоў да Гродна, пакінуўшы цёплыя пажаданні або прачытаўшы вершы, прысвечаныя гораду.