Студэнткі філалагічнага факультэта спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Марыя Аляшчук, Яна Казлоўская, Вераніка Каспярэц, Крысціна Юркевіч пад кіраўніцтвам дырэктара навуковай бібліятэкі Мікалая Грынько прынялі ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным Міжнароднаму дню роднай мовы «Есть в дружбе счастье…», якое ладзілася Інстытутам філалогіі і міжкультурнай камунікацыі Алтайскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (РФ).
У бягучым годзе мерапрыемства было прысвечана юбілеям класікаў рускай літаратуры Сяргея Ясеніна і Антона Чэхава. Купалаўцы чыталі вершы Сяргея Ясеніна ў перакладзе на беларускую мову.
Аляшчук Марыя прачытала верш “Бачу сон я” ў перакладзе Аркадзя Куляшова, з вуснаў Казлоўскай Яны прагучаў пераклад верша “Я паэт у вёскі астатні”, зроблены народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Каспярэц Вераніка таксама абрала верш у перакладзе Рыгора Барадуліна – “Шаганэ ты мая, Шаганэ”. Юркевіч Крысціна чытала верш “Ліст да маці”, які пераклаў на беларускую мову Юрка Гаўрук.
Купалаўцы не толькі яшчэ раз даказалі, што сапраўдная паэзія гучыць аднолькава прыгожа на розных мовах, але і прадэманстравалі высокі ўзровень эстэтычнага густу. А ўдзел у мерапрыемствах такога кшталту спрыяе папулярызацыі беларускай мовы ў свеце.