Версия для печати
Пятница, 30 января 2026 15:53

Дэлегацыя Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава наведвае ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 0825З 27 студзеня па 3 лютага Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прымае дэлегацыю з Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. Візіт накіраваны на правядзенне экспедыцыйных і навуковых даследаванняў.

Мэтай візіту стала арганізацыя і правядзенне экспедыцыйных даследаванняў у рамках выдавецкага Гранта Рускага геаграфічнага таварыства «Постсавецкая прастора вачыма географаў: 30 гадоў праз» і выкананне навуковых даследаванняў па тэме «Прасторава-эканамічнае развіцце сельскіх тэрыторый Расійскай Федэрацыі і краін постсавецкай прасторы: крытэрыі вылучэння, методыка разліку паказчыкаў і ацэнка ўкладу ў сацыяльна-эканамічнае развіцце».

Праграма знаходжання маскоўскіх гасцей насычаная. Пачалася яна з агляднай экскурсіі і наведвання Музея гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе дэлегацыі распавялі пра станаўленне ўніверсітэта і яго ключавыя дасягненні. Маскоўскія калегі наведалі навуковую бібліятэку Купалаўскага ўніверсітэта, а таксама прайшла сустрэча з прарэктарам па навуковай рабоце Наталляй Башун.

Яшчэ адным важным момантам візіту стала наведванне выставы вынікаў навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці, прадстаўленай у РУП «ВНВЦ «Тэхналаб», дзе прадстаўнікам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта прадэманстравалі навуковыя дасягненні ГрДУ імя Янкі Купалы.

Затым госці наведалі факультэт эканомікі і кіравання, факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму і факультэт біялогіі і экалогіі. На факультэце эканомікі і кіравання ім правялі экскурсію, пазнаемілі з інфраструктурай факультэта, а таксама з яго дасягненнямі. Асаблівая ўвага падчас наведвання была ўдзелена навуковай дзейнасці факультэта. Таксама дэлегацыя пабывала на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму і факультэце біялогіі і экалогіі, дзе таксама распавялі пра дзейнасць факультэтаў.

Не застаўся без увагі і сам каралеўскі горад над Неманам. Навукоўцам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава правялі аглядную экскурсію па Гродне і расказалі пра багатую гісторыю горада.

Гэты візіт – важны крок ва ўмацаванні навуковых сувязяў паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М.В. Ламаносава.