III Міжнародны конкурс «Нюрнбергскі працэс і сучаснае міжнароднае права» праводзіўся з мэтай папулярызацыі ведаў аб праўдзівых выніках Другой сусветнай вайны, недапушчэння перагляду рашэнняў Нюрнбергскага трыбунала, бясспрэчнасці перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй і стымулявання цікавасці студэнтаў і магістрантаў устаноў вышэйшай адукацыі.
У гэтым годзе заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 45 каманд з вядучых навучальных устаноў постсавецкай прасторы, якія забяспечваюць падрыхтоўку кадраў юрыдычнага профілю. Пасля адборачнага этапа ў вочны тур прайшлі 16 мацнейшых каманд з пяці краін. Спаборніцтва доўжылася чатыры дні, падчас якіх удзельнікі мадэлявалі пасяджэнне Міжнароднага крымінальнага суда, дэманструючы глыбокія веды норм міжнароднага права, аратарскія навыкі і навыкі фарміравання доказнай базы.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прадставілі студэнты 4 курса спецыяльнасці «Міжнароднае права» Кірыл Казімірэнка і Кірыл Іваноўскі, трэнерам каманды выступіла старшы выкладчык кафедры міжнароднага права Наталля Габец.
У вочных раундах каманда Купалаўскага ўніверсітэта ўпэўнена абышла каманды БДУ, МДІМЗ МЗС РФ, МІПСА, выйшаўшы ў фінал. Вырашальнае супрацьстаянне прайшло супраць каманды Бакінскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У выніку каманда ГрДУ імя Янкі Купалы заняла ганаровае другое месца. Журы адзначыла зладжаную камандную працу і бездакорнае веданне нормаў міжнароднага права нашых студэнтаў. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў прайшла ў рамках міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Нюрнбергскі працэс у сучасных аспектах міжнароднага права, палітыкі і гісторыі».
Апроч спаборніцтваў, для ўдзельнікаў была арганізавана маштабная культурная праграма. Яны ўшанавалі памяць ахвяр нацызму, усклалі кветкі да манумента «Брама памяці» ў мемарыяльным комплексе на месцы былога нацысцкага лагера смерці «Трасцянец», наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны і Суд Еўразійскага эканамічнага саюза.
Мерапрыемства праходзіла з 23 па 27 лістапада на базе міжнароднага ўніверсітэта ФПБ «МІПСА».

