У рамках акцыі «Паштоўка маме», якую правялі Студэнцкі савет універсітэта, першасная прафсаюзная арганізацыя навучэнцаў УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» і ГА «БРСМ», студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта атрымалі магчымасць укласці часцінку сябе ў паштоўку, якую збіраліся падарыць сваім самым лепшым мамам на свеце. Выкарыстоўваючы крэатыўныя матэрыялы і парады арганізатараў, кожны ахвочы змог стварыць уласную, унікальную паштоўку. Для тых, хто аддае перавагу сучасным тэхналогіям, працаваў бот, з дапамогай якога можна было стварыць электронную паштоўку. Каб яшчэ больш парадаваць сваю маці, удзельнікам акцыі было прапанавана падзяліцца не толькі прыемнымі словамі, але і напісаць абяцанне, якое яны абавязкова выканаюць.
Навуковая бібліятэка Купалаўскага ўніверсітэта таксама далучылася да віншаванняў, арганізаваўшы кранальную акцыю «Маё маленькае сэрца – вялікаму сэрцу матулі!». Кожны ахвочы мог выцягнуць сэрца з упадабаным пажаданнем і павіншаваць маму.