Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 25 Чэрвень 2026 13:34

Выпускніцы ГрДУ імя Янкі Купалы Вікторыі Яромінай уручылі падзяку Прэзідэнта Беларусі

5325985805161404481Сёння, 25 чэрвеня, у Палацы Рэспублікі Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Аляксандр Турчын узнагародзіў падзякамі Прэзідэнта Беларусі выдатных педагогаў, студэнтаў і курсантаў. Сярод узнагароджаных – выпускніца ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Усяго ўзнагароды былі ўручаны 23 выкладчыкам і навучэнцам вышэйшых навучальных устаноў. Сем выкладчыкаў атрымалі падзяку Прэзідэнта за значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў і развіццё творчых здольнасцей таленавітай моладзі. Студэнты і курсанты сталі ўладальнікамі ўзнагароды за выдатныя навуковыя, адукацыйныя і творчыя дасягненні, а таксама за актыўную грамадскую дзейнасць. Сярод 16 узнагароджаных была і выпускніца ваеннага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта Вікторыя Яроміна.

– Вельмі прыемна, што мае дасягненні заўважылі на такім высокім узроўні. Для мяне атрымліваць такога роду ўзнагароду – упершыню, і я спадзяюся, што гэта стане для мяне тэндэнцыяй, – падзялілася выпускніца.

Пасля ўзнагароджання Аляксандр Турчын павіншаваў выпускнікоў, пажадаўшы ім быць адказнымі, працавітымі, верыць у свае веды, і нагадаў, што яны патрэбны сваёй краіне.

– Гэта інтэлектуальны фундамент нашай краіны. Менавіта вы з'яўляецеся рухавіком тэхналагічнага прагрэсу, а значыць, эканомікі ў цэлым, – адзначыў Аляксандр Генрыхавіч.