Па дадзеных прыёмнай камісіі, па выніках трох дзён у ГрДУ імя Янкі Купалы падало дакументы 1874 абітурыенты. З іх: 1343 на дзённую форму навучання, 65 – на завочную, 449 – на завочную скарочаную і 17 – звыш плана прыёму.
У чацвёрты дзень прыёмнай кампаніі зарэгістраваўся 1940 абітурыент. Гэты лік мае асаблівае значэнне для Купалаўскага ўніверсітэта, бо менавіта ў 1940 годзе быў заснаваны Гродзенскі настаўніцкі інстытут, цяпер – ГрДУ імя Янкі Купалы. Ім стаў выпускнік сярэдняй школы № 1 імя У.Р. Пешка горада Скідзель Аляксандр Пахутка. Малады чалавек падаў дакументы на спецыяльнасць «Турызм і гасціннасць» факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
– Я абраў гэтую спецыяльнасць, таму што ў мяне да гэтага ляжыць душа. Хацелася б у будучыні звязаць з гэтым жыццё. Купалаўскі ўніверсітэт абраў, таму што я лічу яго лепшым у рэспубліцы, – падзяліўся Аляксандр Пахутка.
Другім важным момантам чацвёртага дня стала рэгістрацыя двухтысячнага абітурыента – выпускніка Лідскага каледжа Купалаўскага ўніверсітэта Глеба Пшыбыша. Пасля заканчэння навучання малады чалавек вырашыў застацца ў сценах роднай навучальнай установы і паступіць на інжынерны факультэт на спецыяльнасць «Эксплуатацыя наземных транспартных і тэхналагічных машын і комплексаў». Паводле яго слоў, якасць адукацыі, якую прапануе наш універсітэт, не выклікае сумненняў:
– Всегда хотел связать свою жизнь с инженерной сферой, поэтому выбор вуза был для меня очевиден. ГрГУ имени Янки Купалы – это уже проверенное и родное место, ведь именно здесь я получил среднее специальное образование. Я уверен в качестве обучения и готов продолжить свой путь на инженерном факультете.
Таксама сёння ў Купалаўскім універсітэце ў рамках прыёмнай кампаніі прайшлі гутаркі для абітурыентаў – выпускнікоў класаў педагагічнай, інжынернай і спартыўна-педагагічнай накіраванасці. Усяго профільныя выпрабаванні прайшлі 33 абітурыенты. З іх: 5 – па педагагічным кірунку з тэмай «Уводзіны ў педагагічную прафесію»; 1 – па спартыўна-педагагічнаму з тэмай «Уводзіны ў спартыўна-педагагічныя прафесіі»; 16 – па інжынерным з тэмай «У свеце тэхнікі і тэхналогіі: выбіраем інжынерную прафесію». Таксама творчае і матэматычнае выпрабаванне прайшла выпускніца Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку.
Прыёмная кампанія ў ГрДУ імя Янкі Купалы толькі пачалася. У абітурыентаў яшчэ ёсць шанц стаць часткай вялікай купалаўскай сям'і. Азнаёміцца з ходам правядзення прыёмнай кампаніі, пералікам факультэтаў і спецыяльнасцей, тэрмінамі падачы дакументаў і раскладам уступных іспытаў можна на сайце, у пункце работы прыёмнай камісіі па адрасе: вул. Леніна, 32, а таксама па тэлефонах гарачай лініі:
+ 375 (152) 67-01-01 (шматканальны)
МТС +375 (33) 35 44 500
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы поўным ходам ідзе прыём дакументаў. За тры дні ў ВНУ падало дакументы больш за 1800 выпускнікоў школ і каледжаў. Сёння ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўвалі 1940-га і 2000-га абітурыентаў.














