Плённы творчы лёс філолага ў многім залежыць ад паспяховага літаратурнага вопыту. 9 снежня дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, літаратуразнаўца Аліна Сабуць арганізавала лекцыйныя заняткі па дысцыпліне «Уводзіны ў літаратуразнаўства» для першакурснікаў у фармаце брыфінг-дыялогу з гродзенскімі пісьменнікамі па тэме «Разуменне літаратурнага працэсу. Літаратурныя сувязі».
Гэта чарговы практыка-арыентаваны тэматычны дыялог студэнтаў Купалаўскай аlma mater і гродзенскіх літаратараў у традыцыйным праекце пад назвай «Літаратурныя ўніверсітэты». Дэлегацыю Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі прадставілі старшыня ГрАА Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса, празаік, перакладчык Людміла Кебіч, паэт, бард Анатоль Апанасевіч, паэтэса, публіцыст, прафесійны журналіст Тамара Мазур, паэтэса Людміла Шаўчэнка.
Падчас лекцыйнага брыфінг-дыялогу гродзенскія творцы пазнаёмілі студэнтаў са структурай, літаратурна-грамадскай місіяй саюзнай пісьменніцкай арганізацыі, яе сайтам www.pisateli.by, друкаваным органам – альманахам «НА НЁМАНСКАЙ ХВАЛІ», а таксама з актуальнымі запатрабаванымі выданнямі. Кожны з запрошаных гасцей шчыра падзяліўся сваім творчым вопытам, сакрэтамі мастацкага почырку. Студэнты з цікавасцю ўступілі ў творчую дыскусію, пераканаліся ў сутнасным адрозненні верша ад паэзіі, пачулі выкананне твораў на розную тэматыку і праблематыку, адчулі водар музыкі слова, мелодыі лірычнага радка. На развітанне літаратары запрасілі філолагаў да супрацоўніцтва з абласной пісьменніцкай арганізацыяй.
Такія творчыя дыялогавыя пляцоўкі надзвычай прадуктыўныя і для студэнтаў-купалаўцаў, каб адчуць подых сучаснага літаратурнага працэсу, і непасрэдна для пісьменнікаў, каб пачуць зацікаўленасць сучаснай моладзі.