У чытальнай зале навуковай бібліятэкі адбыўся дыялог студэнтаў і выкладчыкаў Купалаўскага ўніверсітэта з супрацоўнікамі рэдакцыі грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «Бярозка», які сёлета адзначыў 100-гадовы юбілей.
Падчас мерапрыемства галоўны рэдактар часопіса Яніна Каралёва прэзентавала адзіны беларускамоўны часопіс для падлеткаў, раскрыла гісторыю выдання, першы нумар якога з’явіўся ў 1924 годзе пад назвай «Беларускі піонэр», расказала аб спецыфіцы журналісцкай дзейнасці, а таксама звярнула ўвагу на адметнасці перыядычнага друку для падлеткаў і моладзі.
Намеснік галоўнага рэдактара Міхась Мурза пазнаёміў прысутных з сучаснымі тэндэнцыямі развіцця перыядычнага выдання, з асаблівасцямі працы з чытачамі ў сацыяльных сетках, а таксама заклікаў да супрацоўніцтва выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта.
Займальныя аповеды пра гісторыю «Бярозкі» і пра адметнасці часопіса новага пакалення выклікалі разнастайныя пытанні купалаўцаў.
Дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько, які выступіў мадэратарам мерапрыемства, прапанаваў актыўна ўзаемадзейнічаць не толькі праз друк творчых прац, але і прысвяціць адзін з нумароў «Бярозкі» Купалаўскаму ўніверсітэту ў юбілейным 2025 годзе. У падрыхтоўцы такога нумару змогуць прыняць удзел супрацоўнікі і студэнты філалагічнага факультэта, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, факультэта мастацтваў і дызайну і іншых факультэтаў, а таксама каледжаў універсітэта.