18 і 19 сакавіка ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыліся значныя падзеі, у якіх прынялі ўдзел купалаўцы.
У гэтыя дні прайшла Рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Беларускае гістарычнае мовазнаўства: стан і перспектывы развіцця» і круглы стол, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння беларускага лінгвіста, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Булыкі.
На пачатку канферэнцыі прывітальныя словы з віншаваннямі гучалі ад прадстаўнікоў розных вышэйшых устаноў рэспублікі. Загадчык кафедры замежных моў філалагічнага факультэта Святлана Ляскевіч зачытала прывітальны адрас ад рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У ім адзначалася, што гэтая знакавая дата з’яўляецца не толькі знамянальным момантам у жыцці юбіляра, «але і вялікай падзеяй для ўсіх нас, калег і аднадумцаў, хто неабыякавы да лёсу беларускай мовы». Ірына Кітурка падкрэсліла неверагодна вялікі ўнёсак Аляксандра Булыкі ў навуку: «звыш чатырохсот публікацый, сярод якіх больш за 10 манаграфій і больш за 20 слоўнікаў – гэта не толькі прыклад высокага прафесіяналізму і адданасці сваёй справе, а сапраўдная галерэя беларускага слова. «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» – унікальная спадчына, у якой злучаюцца культурныя і гістарычныя аспекты беларускага грамадства».
Праца канферэнцыі працягнулася ў дзвюх секцыях. Святлана Ляскевіч прэзентавала свой даклад ў секцыі «Надзённыя пытанні сучаснага беларускага мовазнаўства».
19 сакавіка ў рамках круглага стала «Аляксандр Мікалаевіч Булыка: асоба, вучоны, педагог» адбылася прэзентацыя падручніка «Гістарычна-этымалагічны слоўнік іншамоўнай лексікі ў старабеларускай мове», які быў выдадзены ў 2025 годзе.