Вучоная ступень: кандыдат філасофскіх навук
Вучонае званне: прафесар
Пасада на момант прысваення звання: прафесар кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму
Пратакол пасяджэння Савета ўніверсітэта: №1 ад 01.09.2006 г
Кароткая біяграфія: Нарадзіўся 9 верасня 1936 г. у вёсцы Верхаўляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Вышэйшую адукацыю атрымаў на гісторыка-філалагічным факультэце (рускае аддзяленне) Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Падчас вучобы ўзначальваў камітэт камсамола інстытута (1962-1963), працаваў лабарантам кафедры педагогікі. У 1964-1965 гадах, калі быў студэнтам дзённай формы навучання, загадваў вучэбнай часткай інстытута. Пасля заканчэння інстытута – асістэнт кафедры філасофіі і палітычнай эканоміі, аспірант кафедры дыялектычнага матэрыялізму Беларускага ўніверсітэта. Аспірантуру скончыў датэрмінова і ў 1970 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю “Развіццё У.І. Леніным марксісцкага вучэння аб практыцы як крытэрыі ісціны ў пазнанні сацыяльных з'яў”. З восені 1969 – старшы выкладчык кафедры філасофіі і палітэканоміі. Вучонае званне дацэнта па кафедры філасофіі і палітычнай эканоміі прысвоена ў 1972 годзе. З 1973 года – загадчык кафедры методыкі камуністычнага выхавання, кафедры навуковага камунізму і палітэканоміі (1974-1976) , прарэктар па навуковай працы (1976-1986 ), прарэктар па вучэбнай працы (1986-1992), прафесар кафедры беларускай культуры (1992-2002 ), загадчык кафедры беларускай культуры (2002-2007), прафесар кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму. Вучонае званне прафесара па кафедры сацыяльна-палітычных тэорый і паліталогіі прысвоена ў 1990 годзе. У 90-я гады мінулага і пачатку гэтага стагоддзя прафесар С.А. Габрусевіч плённа працаваў на глебе нацыянальнай культуры. З’яўляўся членам Прэзідыума Беларускага Фонду культуры, старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага Фонду культуры. У 1994-1995 гадах заснаваў і рэдагаваў гісторыка-культурны часопіс “Свіцязь”, у якім друкаваліся матэрыялы па гісторыі культуры Гродзеншчыны і культуры беларускага замежжа. Аўтар больш за 100 навуковых прац па тэорыі пазнання, тэорыі і гісторыі беларускай культуры. Сярод навуковых прац прафесара С.А. Габрусевіча вылучаюцца манаграфіі “Гродна . Гістарычна-эканамічны нарыс” , “Гродзенскі дзяржаўны Універсітэт імя Янкі Купалы” , “Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё і спадчына”, а таксама вучэбныя дапаможнікі “Ад дзелавой гульні да прафесійнай творчасці” , “Педагагічная практыка студэнтаў”, “Гісторыя беларускай культуры” і іншыя. Член рэдкалегіі “Весніка ГрДУ імя Янкі Купалы”, часопіса “Роднае слова”, член Вучонага Савета ўніверсітэта і Савета аб'яднання кафедраў сацыяльна-гуманітарных навук. Званне Ганаровага прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прысвоена ў 2006 годзе. Пайшоў з жыцця 21 кастрычніка 2013 года.