Ваенна-гістарычны клуб "Рубеж" створаны пры кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ў 2012 годзе. Асноўны напрамак працы - грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. На працягу 5 гадоў членамі клуба ажыццяўлялася работа па рэалізацыі ва ўніверсітэце буйных агульнарэспубліканскіх праектаў - «З лампадаю Вечнага агню», «Кветкі Вялікай Перамогі», «І ў памяці, навекі імёны». Члены Клуба актыўныя ўдзельнікі рэгіянальных тэматычных канферэнцый - навукова-практычнай канферэнцыі сярод студэнтаў і школьнікаў «Другая Сусветная вайна вачыма маладога пакалення», Абласной міжвузаўскай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Сталінградская бітва і яе гістарычнае значэнне»; Абласной міжвузаўскай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «1941 год: трагедыя, гераізм, памяць» і шэрагу іншых.
Клуб ладзіць актыўнае ўзаемадзеянне з установамі сярэдняй адукацыі г. Гродна і Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Члены клуба ўдзельнічаюць у рэканструкцыях мерапрыемстваў, звязаных з Другой сусветнай вайной і праводзяць тэматычныя экскурсіі па фартам Гродзенскага ўмацаванага раёна.
Кіраўнік клуба - Загідулін Аляксей Мікалаевіч, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін.
Кантакты: +375 29 783 85 00; 770613; GrSU054708@grsu.by
Сайт: http://fort.uctopuk.info/
Вконтакте: https://vk.com/vikrubez
План работы ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж» Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы на 2019/2020 навучальны год
Склад ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж»
24.10.2020 студэнты 2 курса факультэта біялогіі і экалогіі наведалі з экскурсіяй фарты № 1 і №4 Гродзенскай крэпасці, а таксама доты 68 умацаванага раёна, якія прынялі першы ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1941 г.
02.09.2020 кіраўнік ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж» Аляксей Мікалаевіч Загідулін правёў экскурсію па горадзе Гродна для вайскоўцаў 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, якія ўдзельнічаюць у вучэннях на Гродзенскім стратэгічным напрамку.
25.01.2020 ваенна-гістарычны клуб "Рубеж" прыняў удзел у мерапрыемстве «Дзень адчыненых дзвярэй факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму».
05.12.2019 члены ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж» прынялі ўдзел у дыскусійнай пляцоўцы «Ці патрэбна памяць пра Вялікую Айчынную вайну?». Мерапрыемства прайшло ў рамках VІII Каложскіх адкрытых адукацыйных чытанняў. Дыпломамі былі адзначаны члены ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж» студэнты 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Аляксей Ларын, Данііл Багуслаўскі, Цімур Банцееў і Дзяніс Васін.
26.10.2019 кіраўнік клуба дацэнт кафедры Гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін А.М. Загідулін прыняў удзел у працы журы IV гарадской адкрытай краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў і студэнтаў «Памяць у сэрцах жывая ...», прысвечанай 123 гадавіне з дня нараджэння генерала арміі А.І. Антонава, якая прайшла на базе ДУА «СШ №11 г. Гродна»
12.10.2019 Ваенна-гістарычны клуб "Рубеж" прыняў удзел у круглым стале «Мемарыялізацыя памяці аб Вялікай перамозе» у Брэсце
Члены ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж» (кіраўнік дацэнт А.М. Загідулін) прынялі ўдзел у круглым стале «Мемарыялізацыі памяці аб Вялікай перамозе», які праходзіў на гістарычным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і ў Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» . У ходзе круглага стала адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Брэсцкага гістфаку - дэканам Аленай Аляксееўнай Бурык, загадчыцы кафедры ўсеагульнай гісторыі Аленай Іосіфаўнай Пашковіч, дацэнтам кафедры ўсеагульнай гісторыі Андрэем Юр'евічам Бадаком, а таксама са студэнцкім актывам брэсцкіх гісторыкаў.
У Брэсцкай крэпасці доктар гістарычных навук С.А. Піваварчык распавёў студэнтам пра асаблівасці будаўніцтва і арганізацыі абароны крапасных умацаванняў. Па дарозе ў Брэст члены клуба наведалі яшчэ адзін унікальны ваенна-абарончы аб'ект, які належыць іншай эпосе, - Камянецкую вежу.
10.10.2019 Рэспубліканская акцыя "Ва славу агульнай Перамогі"
Члены ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж» прынялі ўдзел у адным з этапаў Рэспубліканскай акцыі "Ва славу агульнай Перамогі", якая адбылася ля Вечнага агню ў парку імя Жылібера.
Патрыятычны праект арганізаваны напярэдадні 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Капсулы са свяшчэннай зямлёй з усіх мемарыялаў і брацкіх магіл Беларусі верталётамі адправяць у Мінск. Ну а 9 мая іх змесцяць у крыпту Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.
21.09.2019. Суботнік на абарончым збудаванні Форт № 4 Гродзенскай крэпасці
Удзельнікі ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж» на чале з кіраўніком А.Н Загідуліным і валанцёры клуба "BENEФІсТ" (кіраўнік І.В. Піваварчык) у рамках Дзён Еўрапейскай спадчыны па ініцыятыве аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама арганізавалі і правялі суботнік на абарончым збудаванні Форт № 4 Гродзенскай крэпасці. Сіламі студэнтаў было прыбрана смецце, расчышчаны ад расліннасці турыстычныя сцежкі. Пра тое, што работы праводзяцца на тэрыторыі крывапралітных баёў нагадала небяспечная знаходка: узрывальнік ад снарада часоў ВАВ.
26.04.2019 ваенна-гістарычны клуб "Рубеж" сустрэўся са старшакласнікамі Гімназіі № 7 г. Гродна.
10.04.2019 ваенна-патрыятычны клуб «Рубеж» прыняў удзел у комплексе мерапрыемстваў універсітэцкай навуковай бібліятэкі Бібліяноч - 2019.
Удзельнікі клуба наведалі прэзентацыю даведніка па 1 - 5 фартах Гродзенскай крэпасці «Скрозь пажары сусветных войнаў». Абмеркавалі з аўтарамі даведніка Дзмітрыем Люцікавым і Аляксандрам Семянчуком перспектывы магчымага ўдзелу ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж» у палявых даследаваннях Гродзенскай крэпасці.
14.03.2019 члены ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж», на чале з кіраўніком Клуба дацэнтам А.М. Загідуліным, а таксама загадчыкам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін доктарам гістарычных навук С.А. Піваварчыкам прынялі ўдзел у прафарыентацыйных мерапрыемствах і пазнаёмілі абітурыентаў Шчучынскага раёна са спецыяльнасцямі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Школьнікам былі прадэманстрараваны дасягненні і асноўныя формы работы ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж».
11.03.2019 Семінар-выстава "Ваенная археалогія" у ДУА «СШ №39 г. Гродна"
11 сакавіка сябры ваенна-гістарычнага клуба «Рубеж» на чале з кіраўніком А.М. Загідуліным арганізавалі правялі ў сярэдняй школе № 39 г. Гродна семінар-выставу «Ваенная археалогія». Навуковы куратар клуба доктар гістарычных навук С.А. Піваварчык распавёў вучням пра асаблівасці археалагічных раскопак у месцах баёў і воінскіх пахаванняў. Члены клуба прадэманстравалі навучэнцам школы знаходкі "militaris" з экспазіцыі музейнага пакоя факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
28.02.2019. Семінар-выстава «Ваенная археалогія» у ДУА «Ліцэй № 1» г. Гродна
28 лютага ваенна-гістарычны клуб "Рубеж" арганізаваў у ДУА "Ліцэй № 1" г. Гродна семінар-выставу "Ваенная археалогія". Кіраўнік клуба дацэнт А.М. Загідулін распавёў ліцэістам, якім чынам археалагічныя раскопкі прымяняюцца ў вывучэнні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Студэнты-гісторыкі правялі вучням Ліцэя кароткую экскурсію па экспанатах выставы - археалагічным знаходкам. Дзесяці- і адзінаццацікласнікі з цікавасцю знаёміліся са знойдзенымі ў зямлі дэталямі вінтовак, кулямёта, боепрыпасаў, пісталетам, штыкамі, шлемафонам, элементамі салдацкага побыту часоў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама студэнты правялі з навучэнцамі інтэлектуальную віктарыну на веданне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Гродзеншчыне. У выставе выкарыстоўваліся экспанаты музейнага пакою факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
13.10.2018. Экскурсія «Фарты і доты Гродзенскай крэпасці ў Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах».
Студэнты ўніверсітэта наведалі фарты Гродзенскай крэпасці № 1 і № 4, а таксама доты 68 умацаванага раёна, якія знаходзяцца на Аўгустоўскім канале. Экскурсію правёў загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, доктар гістарычных навук С.А. Піваварчык.