IV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Матэматычнае мадэляванне і дыферэнцыяльныя ўраўненні» пройдзе 17-20 снежня.
Аўтарытэтны навуковы форум збярэ матэматыкаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з краін блізкага і далёкага замежжа. Канферэнцыя «Матэматычнае мадэляванне і дыферэнцыяльныя ўраўненні» з'яўляецца спецыялізаваным навуковым форумам, які рэгулярна збірае ў Беларусі вядучых навукоўцаў з усяго свету. Так, у папярэдняй канферэнцыі прынялі ўдзел каля 200 матэматыкаў з нашай краіны, а таксама з Расіі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Узбекістана і ЗША.
IV Міжнародная навуковая канферэнцыя, якая пройдзе на базе ГрДУ імя Янкі Купалы, будзе прысвечана 95-годдзю член-карэспандэнта АН БССР Яўгенія Аляксеевіча Іванова - выдатнага матэматыка, заснавальніка беларускай навуковай школы па тэорыі дыфракцыі электрамагнітных хваль і першага дэкана факультэта прыкладной матэматыкі БДУ. Яўгеній Іваноў вялікую ўвагу надаваў развіццю прыкладных матэматычных даследаванняў і прафесійнай падрыхтоўцы спецыялістаў па прыкладной матэматыцы. Яго працы, а таксама работы яго вучняў у дадзенай вобласці, вядомыя ва ўсім свеце.
Асноўныя задачы форуму - абмен інфармацыяй аб найноўшых дасягненнях у галіне матэматычнага мадэлявання і дыферэнцыяльных ураўненняў, а таксама больш актыўнае ўцягванне вышэйшых навучальных устаноў у навукова-даследчы працэс у галіне тэарэтычнай і прыкладной матэматыкі. Спецыялізаваная матэматычная канферэнцыя, якая пройдзе пад эгідай Інстытута матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, закліканая паспрыяць папулярызацыі дасягненняў беларускай навукі як унутры рэспублікі, так і за яе межамі.