7 жніўня Надзеі Юльянаўне споўнілася 100 гадоў.
У гэты дзень павіншаваць ветэрана прыйшлі прадстаўнікі гарадской улады і ўстаноў адукацыі, члены грамадскіх арганізацый, а таксама родныя і блізкія Надзеі Пятрыга. Ініцыятарам урачыстай акцыі, прымеркаванай да 100-годдзя ветэрана, выступіла старшыня першаснай арганізацыі «БСЖ» ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Карпіцкая.
Ганаровымі гасцямі акцыі сталі намеснік Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Пранюк, начальнік упраўлення ідэалагічнай працы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці, палкоўнік Віталь Садавенка, старшыня абласнога прэзідыума Беларуска саюза жанчын Ірына Сцепаненка, старшыня савета ветэранаў Ленінскага раёна горада Гродна Барыс Мулаў, прэс-сакратар Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Шаршаневіч, старшыня прафсаюзнай арганізацыі «Гроднааблнафтапрадукт» Аліна Заяц. Віншавалі Надзею Юльянаўну са святам прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Віктар Пранюк накіраваў словы віншаванняў у адрас Надзеі Пятрыга і падкрэсліў, што сёння ў кожнага прысутнага ёсць магчымасць выказаць падзяку імянінніцы за яе ўнёсак у развіццё нашай радзімы:
- У часы Вялікай Айчыннай вайны на плечы нашых жанчын выпалі вельмі цяжкія выпрабаванні. Менавіта Вы, Надзея Юльянаўна, служыце нам прыкладам бадзёрасці духу, цвёрдасці, паказваеце, як трэба любіць сваю радзіму. Што пажадаць чалавеку, які пражыў сто гадоў? Жывіце столькі, колькі падаравана лёсам, заставайцеся заўсёды здаровай, жыццярадаснай і хай кожны дзень будзе напоўнены сэнсам!
У сваю чаргу дэкан факультэта эканомікі і кіравання, старшыня першаснай арганізацыі «БСЖ» ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Карпіцкая таксама павіншавала вінаватую імпрэзы з юбілеем.
- Мы беражліва захоўваем кожны Ваш аповяд пра вайну і тых складаных часах, якія Вы перажылі. Гэтыя гісторыі ўвайшлі ў нашу кнігу «Жывем. Памятаем. Ганарымся». Нам вельмі каштоўны Ваш вопыт! Апавяданні чапаюць душу і прымушаюць задумацца пра тое, што мы, маладое пакаленне краіны, зрабілі для росквіту нашай радзімы. Дарагая Надзея Юльянаўна, віншую Вас з Днём нараджэння, жывіце доўга і будзьце здаровыя!
Марына Карпіцкая ад асобы рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка ўручыла ветэрану віншавальны адрас, у якім гаворыцца: «Ад усяго сэрца жадаю Вам, паважаная Надзея Юльянаўна, моцнага здароўя, душэўнай цеплыні і бадзёрасці! Няхай побач з Вамі заўсёды будуць родныя і блізкія, а іх любоў і шчыры клопат штодзённа надаюць Вам моцы і энергіі, дораць добры настрой, жаданне жыць і радавацца кожнаму дню!». Марына Карпіцкая таксама ўручыла Надзеі Пятрыга падарунак, набыты на сродкі, сабраныя студэнтамі-валанцёрамі факультэта эканомікі і кіравання. Акрамя таго, дэкан факультэта эканомікі і кіравання ўручыла ветэрану новы пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Сімвалічна, што дакумент мае ўнікальны асабісты нумар, у якім адлюстраваны важныя і знакавыя даты ў гісторыі Беларусі: 3 ліпеня і 75-годдзе Вялікай Перамогі.
Яшчэ адзін падарунак у гонар юбілею паднеслі валанцёрскі патрыятычны атрад і ваенны камісарыят, якія знайшлі месца пахавання мужа Надзеі Юльянаўны - Івана Цыбісава. Ён загінуў у 1945 годзе на тэрыторыі Польшчы, пасмяротна быў узнагароджаны медалём "За адвагу". Рызыкуючы жыццём, змог выратаваць сувязь паміж партызанскімі атрадамі і асабіста ліквідаваў восем разрываў у тэлефоннай сувязі. У пацверджанне гэтаму Надзеі Пятрыга быў уручаны ўзнагародны лiст.