Марафон моладзі і студэнцтва «Moladz.by: ствараем якасную будучыню!» праходзіць у рамках Дня моладзі і студэнцтва, які адзначаецца ў Беларусі ў апошнюю нядзелю чэрвеня.
Канцэпцыя Марафона моладзі і студэнцтва створана такім чынам, каб даць магчымасць заявіць аб сабе па розных напрамках: патрыятычнае выхаванне, здаровы лад жыцця і працоўная дзейнасць, валанцёрскі рух, пытанні сям'і, развіцця навукі.
Кожны з дзён марафону - тэматычны.
21 чэрвеня- # Медиа_день. Прамыя трансляцыі і інтэрактывы ў сацсетках Купалаўскага ўніверсітэта чакаюць кожнага, а таксама адкрытыя дыялогі, дзе з моладдзю ў рамках стрыма «#Праўнівер» пагутараць са старшынёй Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў VII склікання, студэнтам факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму нашага ўніверсітэта Ягорам Скепко.
22 чэрвеня - #День_памяці. 22 чэрвеня прымеркаваны да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Будуць арганізаваны мітынгі-рэквіем, дыялогі пакаленняў, гістарычныя рэканструкцыі і квэсты, акцыі па добраўпарадкаванні памятных мясцін, наведванне музеяў, а таксама кінапаказы на ваенную тэматыку. Так, у гэты памятны і трагічны дзень купалаўцы прымуць удзел у гарадской акцыі «Памяць сэрца», а таксама наведаюць памежную заставу «Брузгі» імя старэйшага лейтэнанта А.М. Сівачова, ускладуць кветкі да помніка А.М. Сівачову. Кульмінацыяй дня будзе ўдзел у акцыі «Памяць».
23 чэрвеня - #День_безопасности. У гэты дзень моладзі раскажуць аб асноўных правілах паводзін на вадзе летам, правядуць дыялогі і сустрэчы па прафілактыцы ўжывання і распаўсюджвання наркатычных рэчываў. Купалаўцы стануць удзельнікамі рэспубліканскай інтэрнет-акцыі «Мая бяспека». Байцы студэнцкіх атрадаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў дзіцячых аздараўленчых лагерах далучацца да акцыі «Крок да поспеху».
24 чэрвеня - #День_науки. Па ўсёй краіне пройдуць прэзентацыі дзейнасці маладых вучоных, майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі. У Купалаўскім універсітэце пройдзе адкрыты дыялог «10 пытанняў вучонаму», у рабоце якога прымуць удзел маладыя вучоныя СНТ. Адпачыць удзельнікі змогуць на квізе «Навукаманія».
25 чэрвеня - #День_спорта. Тут плануюцца спартыўна-масавыя мерапрыемствы, адкрытыя дыялогі з вядомымі беларускімі спартсменамі, кіберспартыўныя турніры. Ва ўніверсітэце пройдуць спаборніцтвы «Марафон пакаленняў», шахматна-шашачны турнір паміж камандамі інтэрнатаў. Завершыцца спартыўны дзень феерычным універсітэцкім балем выпускнікоў.
26 чэрвеня - #День_традыцый. Плануецца правядзенне экскурсій у Музей гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама правядзенне прэзентацыйнай пляцоўкі «Традыцыі і абрады беларускай сям'і» і віктарыны «Традыцыі беларускай сям'і» для важатых і ўдзельнікаў лагера «Навука-2».
27 чэрвеня - #День_дабра. У гэты дзень валанцёры ўніверсітэта наведаюць ГААЗЖ «Адданае сэрца». Плануецца таксама актыўны ўдзел купалаўцаў у валанцёрскім челендже ў афіцыйных акаўнтах універсітэта пад хэштэгам #ДеньДобра.
28 чэрвеня - #День_качества. Гэты дзень, прымеркаваны да Года якасці, будзе насычаны прафарыентацыйнымі сустрэчамі. Лепшыя выпускнікі нашага ўніверсітэта прымуць удзел у Рэспубліканскім свяце выпускнікоў у Мінску.
29 і 30 чэрвеня - #День_молодежи. Ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах пройдуць культурна-забаўляльныя праграмы з удзелам пераможцаў абласных, рэспубліканскіх творчых конкурсаў і праектаў.