Ужо зусім хутка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбудзецца вялікая ўрачыстасць – Дзень нараджэння нашай любімай Alma mater. Па традыцыі купалаўцы адзначаюць гэтую важную падзею святочным тыднем! Стартуюць мерапрыемствы 21 лютага, а завершацца 28 лютага. Усе падрабязнасці і афіша ў нашым матэрыяле.
У пятніцу, 21 лютага, адбудзецца традыцыйная Купалаўская дыктоўка «Знайдзі сябе з намі». Адкрыецца экспазіцыя выставы «Універсітэт, які стаў маім лёсам», яе героі – выпускнікі Купалаўскага ўніверсітэта. Завершыцца гэты святочны дзень культурна-забаўляльнай праграмай для студэнтаў універсітэта «Ноч Alma-mater».
У суботу, 22 лютага, у сценах ГрДУ імя Янкі Купалы пройдзе ІІ З'езд выпускнікоў розных гадоў, якія адбыліся ў прафесіі, сталі паспяховымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі нашай краіны.
Святочны панядзелак, 24 лютага, пачнецца з адкрыцця выставы творчых работ студэнтаў і работнікаў факультэта мастацтваў і дызайну ў галерэі «Universum» «Пад небам Радзімы чароўныя імгненні». Таксама ў гэты дзень адбудзецца паэтычны вернісаж «Табе, AImа mater, я песню складаю».
У аўторак, 25 лютага, пройдуць малебны ў храмах Гродна, прысвечаныя 85-годдзю ўніверсітэта, будзе дадзены старт кубку рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы па валейболе сярод жаночых каманд, а таксама адбудзецца віктарына «Моцнае звяно ГрДУ».
У сераду, 26 лютага, пройдзе адкрыццё абноўленай Галерэі партрэтаў прафесараў універсітэта. Купалаўцаў чакае шэраг акцыяў. Гэта студэнцкая акцыя «Нам – 85!», «Праспяваем гімн універсітэта разам!» і «Салодкі пачастунак».
У чацвер, 27 лютага, будзе дадзены старт юбілейнай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 85-годдзю ўніверсітэта. Абмеркаванні будуць праходзіць у рамках агульнай тэмы «Студэнтацэнтраваны ўніверсітэт: пераемнасць і традыцыі адукацыі, інавацыі і перспектывы развіцця». Таксама ў гэты дзень адбудзецца ўрачыстае пашыранае пасяджэнне Савета ўніверсітэта.
Завершыцца святочны тыдзень урачыстым сходам і святочным канцэртам, якія пройдуць у Гродзенскай абласной філармоніі. А таксама адкрыццём цэнтра патрыятычнага выхавання (Музей гісторыі ўніверсітэта).
