3 ліпеня Гродна стане эпіцэнтрам святочных падзей, прысвечаных Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У праграме – маляўнічае шэсце, урачысты мітынг, выставы, спартыўныя турніры, ваенна-гістарычная рэканструкцыя, канцэрты з удзелам папулярных артыстаў і многае іншае. Падрабязнасці ў нашым матэрыяле.
Святкаванне пачнецца з маляўнічага шэсця пакаленняў па вуліцы Сацыялістычнай. Шэсце завершыцца ўрачыстым мітынгам на плошчы Леніна пад дэвізам «Краіна цудоўных людзей».
Затым адбудзецца народнае ўскладанне кветак ля помніка савецкім воінам і партызанам у парку Ж.Э. Жылібера. Гэта стане кранальным момантам памяці і павагі да тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
Далей – больш. На выставе службовай тэхнікі «Тэхніка майго горада» можна будзе ўбачыць сучасныя ўзоры, якія выкарыстоўваюцца для гарантавання бяспекі і камфорту жыхароў. Інтэрактыўная фотазона «Краіна шчаслівага дзяцінства» і відэазона «Я – беларус» дазволяць кожнаму ўдзельніку адчуць сябе часткай вялікай і дружнай сям'і. На інтэрактыўных пляцоўках «Зроблена ў Беларусі» можна будзе пазнаёміцца з таварамі мясцовых вытворцаў, а выстава аўтамабіляў BELGEE Geely прадэманструе дасягненні беларускага аўтапрама. Моладзевая інтэрактыўная праграма «За Беларусь» створыць атмасферу сяброўства і згуртаванасці сярод моладзі. Для аматараў актыўнага адпачынку пройдзе спартыўны турнір па стрытболе 3х3 «Краіна спартыўных людзей». Святочны канцэрт «Краіна тваіх магчымасцей» збярэ папулярных беларускіх артыстаў, сярод якіх Ганна Благава, Герман, дуэт «Двое», Дзмітрый Азаранка, інструментальны ансамбль «Эвос», калектывы Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры і многія іншыя.
Яскравым момантам свята стане ваенна-гістарычная рэканструкцыя «Вызваленне Гродна», якая дазволіць пагрузіцца ў гістарычную атмасферу і ўбачыць, як адбываліся ключавыя падзеі вызвалення роднага горада. Вячэрняя праграма аб'яднае сотні беларусаў розных пакаленняў. На сцэне выступяць вядомыя блогеры Кабякоў, Улька Пулька, Дзім Дзімыч і Анджыліша, а разыначкай вечара стане выступленне легенды беларускай эстрады – Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры». Святочны марафон завершыцца рэспубліканскай акцыяй «Праспяваем гімн разам» і феерверкам.
Нагадаем, 3 ліпеня сіноптыкі абяцаюць да +34 градусаў, таму не лішнімі будуць галаўныя ўборы, парасоны, вееры і пітная вада.Давайце адзначым Дзень Незалежнасці разам у атмасферы радасці і адзінства!