6-7 верасня 2025 года ў Лідзе адбудзецца XXXII Дзень беларускага пісьменства. Горад ужо ва ўсю рыхтуецца да святкавання, рыхтуючы для жыхароў і гасцей насычаную праграму.
Старт святочным мерапрыемствам дасць навукова-асветніцкая канферэнцыя «Лідскія чытанні – 2025», у якой прымуць удзел дакладчыкі з розных куткоў Беларусі. На тэрыторыі візітнай карткі горада – Лідскага замка – традыцыйна можна будзе акунуцца ў эпоху Сярэднявечча і паўдзельнічаць у тэматычных майстар-класах. Таксама ў праграме мерапрыемства – адкрыццё абноўленай кнігарні і мурала на будынку Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Адной з ключавых падзей Дня беларускага пісьменства стане адкрыццё помніка паэту Валянціну Таўлаю. Ён будзе ўсталяваны ў гарадскім парку на скрыжаванні вуліц Таўлая і Качана. Аматараў беларускай культуры чакае абласны фестываль рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крынiцы», дзе выступяць лепшыя фальклорныя калектывы рэгіёну, пройдзе майстар-клас па бытавых танцах, а таксама разгорнецца святочны гандаль.