Навукаёмістыя і інавацыйныя распрацоўкі маладых вучоных Купалаўскага ўніверсітэта прадставілі на штогадовым Фестывалі навукі, які прайшоў 6 верасня на пляцоўцы Цэнтральнага батанічнага саду. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.
Асноўная мэта навуковага мерапрыемства - расказаць грамадству аб навуцы, а таксама паказаць, чым займаюцца вучоныя, як навуковы пошук паляпшае якасць жыцця і якія перспектывы для развіцця ў навуковых даследаваннях ёсць у беларускіх вучоных.
Купалаўскі ўніверсітэт прадставіў інавацыйныя распрацоўкі "Археалагічная экспазіцыя ГрДУ імя Янкі Купалы", "Інтэрактыўная 3D мадэль далямера камандзірскіх разведвальных машын (ДКРМ)", "Інтэрактыўны жывы падручнік па тактычнай і спецыяльнай падрыхтоўцы".
Штогод сваімі археалагічнымі знаходкамі на выставе дзеліцца старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацый і турызму Аляксандр Гаршкоў.
Адзначым, што ў рамках "Фестывалю навукі" праводзіцца рэспубліканскі этап конкурсу "100 ідэй маладых вучоных". Сёлета на конкурсе была прадстаўлена распрацоўка студэнтаў факультэта біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта «Fresh-пазнака». Ноў-хаў дазваляе кантраляваць якасць прадукцыі на этапе яе рэалізацыі.