З 10 па 12 верасня ў Купалаўскім універсітэце праходзіў адкрыты інтэлектуальна-спартыўны турнір «Беларусь: Адзінства. Незалежнасць. Будучыня», сабраўшы самых актыўных купалаўцаў, якія жадаюць паказаць свае навыкі і ў інтэлектуальнай, і ў спартыўнай сферы.
Мэтай мерапрыемства было сфарміраваць у студэнтаў актыўную грамадзянскую пазіцыю, інтэлектуальна-творчую культуру, пачуццё патрыятызму, любоў да здаровага ладу жыцця і павагу да гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны.
Нагадаем, што ў турніры бралі ўдзел 14 каманд: па камандзе ад кожнага факультэта і каманда Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
У спартыўным блоку турніру ўдзельнікаў чакалі футбольны конкурс, гульня ў гарадкі, перацягванне каната і спартыўная эстафета. У інтэлектуальнай частцы каманды спаборнічалі ў конкурсе дэбатаў, прадэманстравалі веды гісторыі ў конкурсе «Гісторыя і культура Беларусі», прынялі ўдзел у віктарыне «PRO.Беларусь» і даведваліся, хто лепш за ўсё знаёмы з горадам Гродна у інтэрактыўнай гульні «Знатокі горада Гродна».
Сёння, 12 верасня, былі падведзены вынікі ўпартай барацьбы. Першае месца атрымала каманда Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, другое месца заняла каманда факультэта біялогіі і экалогіі і трэцяе месца атрымала каманда юрыдычнага факультэта. За ўдзел каманды былі ўзнагароджаны дыпломамі, а каманды тройкі лідараў атрымалі таксама кубак ад арганізатара.