Учора, 15 снежня, купалаўцы прынялі ўдзел у ток-шоў «Вокны горада», дзе распавялі аб працы Студыі праектаў і стартапаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і падзяліліся сваімі распрацоўкамі.
У абмеркаванні тэмы «Школа стартапаў» удзел прынялі: Алена Апякун, начальнік цэнтра трансферу тэхналогій; Алена Разава, кіраўнік Студыі праектаў і стартапаў; Злата Лешчава, студэнтка 4 курса факультэта мастацтваў і дызайну; Ілля Коншын, студэнт 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі; Ігнат Комар, студэнт 4 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі і Анастасія Каржавіна, студэнтка 3 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі.
Студыя праектаў і стартапаў – гэта праект Купалаўскага ўніверсітэта, накіраваны на развіццё крэатыўнасці, садзейнічанне генерацыі і рэалізацыі праектных ідэй, а таксама фарміраванне і развіццё кампетэнцый у галіне праектнай дзейнасці і прадпрымальніцтва.
Кіраўнік Студыі праектаў і стартапаў Алена Разава расказала пра значную эвалюцыю Студыі з моманту яе заснавання ў 2019 годзе.
– Змяніўся фармат, калі мы пачыналі ў асноўным з прадпрымальніцкіх праектаў, то зараз акцэнт на навукаёмістых і высокатэхналагічных праектах. Гэтая змена звязаная з задачамі, якія сёння стаяць перад намі, – адзначыла Алена Леанідаўна.
Таксама Алена Разава падкрэсліла, што ў 2019 годзе гэта быў праект толькі ініцыятыўнай групы і ён не быў арганізаваны ў фармаце абавязковага наведвання. Жадаючыя прыходзілі самі, выключна з уласнай ініцыятывы. Сёння Студыя актыўна прываблівае студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў, прапаноўваючы ім пляцоўку для развіцця ідэй і атрымання ўсебаковай падтрымкі.
Начальнік цэнтра трансферу тэхналогій Алена Апякун расказала гледачам аб конкурсе «ІнНаСтарт», які праходзіць у рамках работы Студыі праектаў і стартапаў.
– У гэтым годзе быў прадстаўлены 81 праект, а ў папярэдніх конкурсах каля 60. І цяпер з'явілася ідэя праводзіць яшчэ адзін конкурс, які мы назвалі «Выстава прататыпаў праектаў», – падзялілася Алена Уладзіміраўна.
Акрамя таго, падчас ток-шоу студэнты Купалаўскага ўніверсітэта расказалі пра свае распрацоўкі і ідэі. Студэнтка 4 курса факультэта мастацтваў і дызайну Злата Ляшчова расказала пра ідэю стварэння маркетплейса фермерскіх прадуктаў. Студэнт 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Ілля Коншын падзяліўся ідэяй праекта пад назвай «Наш», які распрацаваны пры дапамозе штучнага інтэлекту і ўяўляе сабой чат-кансультацыю па юрыдычных пытаннях. Таксама купалавец падзяліўся яшчэ адной ідэяй аб стварэнні гульні, у распрацоўцы якой яму дапамагаюць дызайнеры Студыі. Ігнат Комар, студэнт 4 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі, з першага ж семінара Студыі сабраў каманду для распрацоўкі віртуальных лабараторных работ. Анастасія Каржавіна, студэнтка 3 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі, працуе над платформай для прасоўвання софт-турызму ў Беларусі.