23 лютага ў Гродне прайшоў урачысты мітынг, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У парку імя Ж.Э. Жылібера, ля Брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, сабраліся гродзенцы, каб ушанаваць памяць тых, хто абараняў нашу краіну ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Хмель, а таксама прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, органаў выканаўчай улады і сілавых структур, кіраўнікі адміністрацый раёнаў горада Гродна, кіраўнікі арганізацый і прадстаўнікі актыву грамадскіх аб'яднанняў. Узгадаць вялікі подзвіг прыйшлі і прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка разам з прарэктарам Вячаславам Раманенкам, начальнікам ваеннага факультэта Генадзем Песляком, а таксама курсантамі ваеннага факультэта ўсклала кветкі да брацкай магілы, аддаўшы даніну павагі мужнасці і гераізму савецкіх воінаў і партызан.
Такія мерапрыемствы служаць важным напамінам аб падзеях мінулага і цане, якую прыйшлося заплаціць абаронцам Айчыны за перамогу. І памяць аб іх будзе жывая, пакуль жывыя тыя, хто памятае і шануе іх подзвіг.