У Гродне прайшоў II Пленум абласнога камітэта грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», які сабраў самых актыўных прадстаўнікоў моладзі вобласці. Сярод удзельнікаў таксама былі прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Мэтай мерапрыемства стала падвядзенне вынікаў працы камітэта ў 2025 годзе, а таксама пастаноўка мэт на бягучы год.
Прадстаўляючы свой даклад, першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Пётр Касіцкі неаднаразова падкрэсліў каштоўнасць укладу студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта ў рабоце першага ў краіне інфармацыйнага студэнцкага атрада «МедыяВектар». Пётр Ігаравіч уручыў Падзячны ліст Карыне Місцюк, студэнтцы факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму і Кацярыне Сіроцкай, студэнтцы інжынернага факультэта, за стварэнне ўмоў для рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Гродзенскай вобласці, падтрымку праграм і праектаў ГА «БРСМ».
Таксама падчас пасяджэння студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Карына Місцюк выступіла з дакладам, у якім расказала пра тое, як БРСМ падтрымлівае таленавітую і адораную моладзь.
На мерапрыемстве загадчыку кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Іне Мінчук аб'явілі падзяку ад імя Гродзенскага абласнога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» за стварэнне ўмоў для рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Гродзенскай вобласці, падтрымку праграм і праектаў Грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», ініцыятыву і высокі прафесіяналізм у рабоце з моладдзю.