З 12 сакавіка па 3 красавіка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбыўся маштабны марафон сустрэч рэктара Ірыны Кітуркі са студэнтамі і выкладчыкамі ўсіх факультэтаў. Гэтыя размовы сталі эфектыўнай пляцоўкай для прамога абмеркавання стратэгічнага развіцця ўніверсітэта, асабістых ініцыятыў і вырашэння актуальных пытанняў.
Кожная сустрэча пачыналася з важнай тэмы – каштоўнасці чалавечага жыцця. Ірына Фёдараўна не раз падкрэсліла, што найвышэйшай каштоўнасцю для ўніверсітэта заўсёды было і застаецца чалавечае жыццё. Менавіта таму кіраўніцтва Купалаўскага ўніверсітэта прытрымліваецца палітыкі максімальнай адкрытасці. Рэктар зрабіла важны акцэнт: «Невырашальных праблем няма!», а любое пытанне будзе пачутае. Кіраўніцтва нашага ўніверсітэта заўсёды гатова да прамога дыялогу і сумеснага пошуку выхадаў з самых складаных сітуацый.
Ірына Фёдараўна абмеркавала з купалаўцамі ўкараненне штучнага інтэлекту ў адукацыйны працэс і практыку, узровень цыфравізацыі ВНУ і ўніверсітэцкі Wi-Fi. Гаворачы аб будучыні, рэктар разам са студэнтамі паразважала аб тым, якім стане кожны факультэт да 2030 года.
Асаблівая ўвага была ўдзелена падтрымцы таленавітай моладзі. Студэнтаў цікавілі пытанні работы спецыяльнага фонду, акадэмічнай мабільнасці і навучання ў магістратуры. Пагаварылі і аб сістэме рэйтынгу, якая напрамую ўплывае на размеркаванне выпускнікоў, а таксама аб аплаце навучання і льготах для студэнцкіх сем'яў.
Абмяркоўвалася будаўніцтва новага інтэрната, праца ўніверсітэцкага здраўпункта і студэнцкі мерч. Не засталіся ў баку і традыцыі: ад маштабнага святкавання Дня нараджэння ўніверсітэта да арганізацыі турыстычнага злёту.
Сустрэчы мелі не толькі афіцыйны, але і глыбока даверлівы характар. Студэнты цікавіліся выявай «ідэальнага студэнта», удакладнялі, у якіх сацыяльных сетках можна сачыць за дзейнасцю рэктара, і абмяркоўвалі запатрабаванні сучаснага студэнцтва. Ірына Фёдараўна падзялілася дэталямі сваіх працоўных будняў, распавёўшы, як атрымоўваецца гарманічна сумяшчаць кіраўніцтва ўніверсітэтам з асабістым жыццём.
У рамках Года беларускай жанчыны рэктар праанансавала праект, прысвечаны дзяўчатам-купалаўцам, падкрэсліўшы іх важную ролю ў жыцці ўніверсітэта.
На сустрэчы з вайсковым факультэтам абмяркоўваліся планы мерапрыемстваў і спецыфіка службы. У сваім выступленні Ірына Кітурка абапіралася на тэзісы нядаўняй сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з вайскоўцамі, падкрэсліўшы важнасць якаснай падрыхтоўкі кадраў для забеспячэння бяспекі дзяржавы.
Такія сустрэчы ўжо сталі традыцыйнымі ў Купалаўскім універсітэце і з'яўляюцца гарантыяй таго, што студэнты і выкладчыкі атрымаюць адказы на самыя хвалюючыя пытанні з першых вуснаў, а кіраўніцтва – сумленную зваротную сувязь.