16 мая фізіка-тэхнічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы стаў пляцоўкай дэманстрацыі даследаванняў маладых розумаў. Тут адбылася XIV навукова-практычная канферэнцыя школьнікаў "Фізіка вакол нас", якая сабрала юных фізікаў з усёй Гродзеншчыны.
Займальнае пагружэнне ў свет фізікі, тэхналогій і робататэхнікі для ўдзельнікаў пачалося з гісторыі - удзельнікам прадэманстравалі экспазіцыю "Радыёпрыёмнае, гукаўзнаўляльнае, тэле- і відэаабсталяванне 90-х гадоў". Перад пачаткам секцыйных пасяджэнняў удзельнікаў мерапрыемства пазнаёмілі з фізіка-тэхнічным факультэтам Купалаўскага ўніверсітэта: ім расказалі пра спецыяльнасці і асаблівасці навучання, а таксама правялі экскурсію па навучальных лабараторыях.
У рамках канферэнцыі юныя фізікі дэманстравалі даклады ў чатырох секцыях: "Фізіка ў прыродзе і ў тэхніцы", "Камп'ютарнае і тэхнічнае мадэляванне", "Электроніка і робататэхніка" і "Энергетыка і рацыянальнае прыродакарыстанне".
Канферэнцыя прайшла ў фармаце адкрытага дыялога. Прадстаўленыя навуковыя працы выклікалі жывую цікавасць не толькі ў прадстаўнікоў Купалаўскага ўніверсітэта, але і ў саміх школьнікаў. Удзельнікі актыўна абмяркоўвалі прадстаўленыя даследаванні і задавалі пытанні.