Сёння, 25 мая, у Купалаўскім універсітэце на факультэце мастацтваў і дызайну адбылося адкрыццё выставы-конкурсу дзіцячага малюнка "Усе фарбы жыцця для цябе…", якая прысвечана Году беларускай жанчыны і Дню абароны дзяцей.
Да настаўнікаў, юных мастакоў і іх бацькоў звярнулася дэкан факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы Людміла Чарнілоўская.
– У нашай невялікай зале сабраліся самыя таленавітыя, самыя крэатыўныя, юныя мастакі. Кожная работа, прадстаўленая на гэтай выдатнай выставе, напоўнена дабром, энергіяй, здзіўленнем, - падкрэсліла Людміла Осіпаўна. - Гэта не проста вобразы на палатне. Гэта вызначана эмоцыя, перададзеная ў кожным жаночым вобразе. Мы захапляемся гэтымі працамі. Гэта сведчыць аб пэўным таленце і ўзроўні падрыхтоўцы нашых юных мастакоў.
Удзельнікамі выставы-конкурсу сталі 37 вучняў гродзенскіх школ: гімназіі № 5 імя В.С. Караткевіча і сярэдняй школы № 16 імя А. Сухамбаева. Дзеці ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў выканалі свае работы ў самых разнастайных тэхніках: каляровыя алоўкі, акварэль, гуаш, а таксама ў складаных змешаных тэхніках.
Яркім завяршэннем свята стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання. Арганізатары адзначылі старанні кожнага дзіцяці: усе юныя ўдзельнікі выставы-конкурсу былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі.