Дзве студэнткі ГрДУ імя Янкі Купалы паспяхова прайшлі адбор у 5-ты сезон папулярнага народнага праекта «Зорны шлях» і ўвайшлі ў склады прадзюсарскіх каманд. Кастынг шоу праходзіў у Гродне з 8 па 12 чэрвеня.
Дзяўчаты актыўна ўдзельнічаюць у жыцці ўніверсітэта, выступаючы з вакальнымі нумарамі на розных творчых конкурсах і канцэртах. А зараз іх талент атрымаў прызнанне на рэспубліканскім узроўні.
Студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Ульяна Вільчык увайшла ў каманду вядомай беларускай спявачкі і прадзюсара Жанэт. Каб уручыць запаветнае «пяціканцовае шчасце», артыстка асабіста прыехала да дзяўчыны прама на працоўнае месца. Эмоцыі Ульяне ў гэты момант было цяжка стрымаць:
– Цяпер я атрымала запаветную зорку ў каманду Жанэт. Я бязмерна рада і гатова да разнастайных эксперыментаў. Зусім не чакала такога выніку. Я, мусіць, гэты момант ніколі не забуду!
Для прадстаўніцы фізіка-тэхнічнага факультэта 4 курса Валерыі Цвік навіна таксама стала прыемным сюрпрызам. Прадзюсар шоу і кіраўнік арт-групы «Беларусы» Валерый Шмат уручыў дзяўчыне сімвал праекта – пяціканцовую зорку – і запрасіў пазмагацца за перамогу ў сваёй камандзе:
– Я вельмі рада. Гэта было нечакана і спантанна. Я працавала ў звыклым рэжыме, як раптам у памяшканне ўвайшла здымачная група з камерай і святлом. Першай рэакцыяй быў шок, а следам думка: «Няўжо насамрэч так атрымалася?». Шчыра кажучы, я ў захапленні! З'явілася вялізная матывацыя рухацца далей і шмат працаваць. Гэта новы вопыт і выдатны шанц прапампаваць вакальныя навыкі і навучыцца новаму, бо спяваць у дуэце значна складаней – тут важна адчуваць і чуць іншага чалавека.
Віншуем Ульяну і Валерыю з заслужаным поспехам і жадаем яркіх выступленняў у новым сезоне!<