17 чэрвеня на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» далі старт трэцяму працоўнаму семестру. Урачыстае адкрыццё сабрала каля 500 байцоў студатрадаў з усёй краіны. Сярод удзельнікаў – актывісты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Да афіцыйнай часткі байцы пазнаёміліся са знакавымі культурнымі і прамысловымі аб'ектамі Магілёва, а таксама ўсклалі кветкі каля мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле». Па дарозе студэнты прынялі ўдзел у пяці акцыях па добраўпарадкаванні.
Урачыстая цырымонія пачалася з уручэння працоўных пуцёвак абласным штабам студэнцкіх атрадаў, штабам рэспубліканскіх працоўных праектаў і зводным студэнцкім атрадам. Затым байцоў чакала не менш насычаная праграма. На тэрыторыі Музея Славы Магілёўшчыны для непаўналетніх удзельнікаў імпрэзы была арганізавана гульня-галаваломкі «Сакрэт БСА». Паралельна з гэтым на стадыёне «Спартак» прайшла здача нарматываў фізкультурна-спартыўнага комплексу беларускіх студэнцкіх атрадаў «Змагайся! Імкніся! Перамагай!».
У фінале мерапрыемства прайшла традыцыйная агульнаатрадавая спеўка.