16 ліпеня дэлегацыя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на чале з рэктарам Ірынай Кітурка прыняла ўдзел ва ўрачыстым мітынгу, прысвечаным Дню вызвалення горада Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Разам з прадстаўнікамі Паўднёва-Заходняга дзяржаўнага ўніверсітэта на чале з рэктарам Сяргеем Емяльянавым купалаўцы прысутнічалі на мітынгу «Горад незламанай славы».
На мітынгу ў парку Жылібера аддаць даніну павагі героям-вызваліцелям сабраліся кіраўніцтва горада, супрацоўнікі сілавых структур, грамадскія дзеячы, ветэраны, моладзь і працоўныя калектывы. Памяць загінуўшых ушанавалі ўскладаннем вянкоў і жывых кветак да падножжа Брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан.
На ўрачыстым мерапрыемстве старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Хмель звярнуўся да прысутных:
– Мы збіраемся для таго, каб ушанаваць памяць. Чарговы раз узгадаць пра гераізм, стойкасць і боль беларускага народа. 16 ліпеня 1944 г. скончыўся адзін з самых страшных перыядаў у гісторыі нашага горада. Перыяд, які доўжыўся 1127 дзён. Кожны з гэтых дзён быў напоўнены голадам, страхам, болем і бясконцымі стратамі. Але, нягледзячы на гэта, салдаты, падпольшчыкі, простыя людзі – жыхары нашага абласнога цэнтра – зрабілі ўсё для таго, каб наблізіць перамогу. Наблізіць перамогу і дазволіць нам з вамі сёння жыць гэтае цудоўнае жыццё ў горадзе пад мірным ясным небам. Сёння задача кожнага з нас – памятаць і захоўваць памяць. Рабіць усё, каб наш цудоўны горад заставаўся горадам будучыні, горадам усмешак, горадам дзіцячага смеху і, вядома ж, горадам шчаслівых людзей.
Андрэй Хмель таксама звярнуўся да моладзі са словамі аб тым, што яна павінна разумець і даваць адказ на пытанне: «А што ты зрабіў для таго, каб Беларусь заставалася мірнай і квітнеючай?».
Мітынг «Горад нязломленай славы» стаў важным напамінам пра тое, якім коштам дасталася свабода. Памяць аб гераічным мінулым жыве ў справах і сэрцах удзячных нашчадкаў, якія берагуць і прымнажаюць традыцыі свайго роднага горада.