Сёння, 18 ліпеня, пачаўся прыём дакументаў у чатырох каледжах ГрДУ імя Янкі Купалы: Гуманітарным, Ваўкавыскім, Лідскім і Тэхналагічным. Цяпер абітурыенты, якія вырашылі атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю, могуць афіцыйна падаць заявы на выбраныя спецыяльнасці.
Абітурыентам, якія плануюць паступаць пасля 9-га класа ў ССНУ на дзённую форму за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту неабходна падаць дакументы з 18 ліпеня па 3 жніўня. Прыём дакументаў у ССНУ на аснове агульнай сярэдняй адукацыі за кошт сродкаў бюджэту будзе ажыццяўляцца з 18 ліпеня па 11 жніўня. Важна: для спецыяльнасцей, праграма якіх прадугледжвае здачу ўступных іспытаў, прыём дакументаў ажыццяўляецца з 18 па 23 ліпеня.
Ход прыёмнай кампаніі ў структурных падраздзяленнях універсітэта знаходзіцца пад асабістым кантролем кіраўніцтва ВНУ. Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка наведала прыёмную камісію Гуманітарнага каледжа. У ходзе візіту Ірына Фёдараўна дэталёва азнаёмілася з першымі вынікамі падачы дакументаў і бягучымі паказчыкамі прыёму. Рэктар таксама паразмаўляла з членамі прыёмнай камісіі, абмеркаваўшы з імі асаблівасці арганізацыі рабочага працэсу і стварэнне максімальна камфортных умоў для абітурыентаў. Маніторынг умоў прыёму дакументаў у сярэдніх спецыяльных навучальных установах універсітэта працягнецца. Так, на наступным тыдні запланаваны працоўныя візіты ў Тэхналагічны, Ваўкавыскі і Лідскі каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы.
Гуманітарны каледж ГрДУ імя Янкі Купалы прапануе абітурыентам шырокі спектр актуальных і запатрабаваных спецыяльнасцей гуманітарнага, педагагічнага і творчага профіляў. Сярод якіх - "Дашкольная адукацыя", "Дызайн гукавога асяроддзя", "Навучанне фізічнай культуры", "Дызайн (графічны)", "Дакументацыйнае забеспячэнне кіравання".
У Тэхналагічным каледжы зараз праходзіць прыём дакументаў на ўсе традыцыйныя спецыяльнасці хімічнай галіны, электразабеспячэння, аўтаматызацыі вытворчасці, дрэваапрацоўкі, металаапрацоўкі, цеплагазазабеспячэння, праграмнага забеспячэння. На аснове агульнай сярэдняй адукацыі набор ажыццяўляецца па 8 спецыяльнасцях: "Вытворчасць неарганічных, хімічных рэчываў, матэрыялаў і вырабаў", "Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання", "Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання аўтаматызаваных тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей", "Тэхналагічнае забеспячэнне машынабудаўнічай вытворчасці", "Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання для вырабу хімічных прадуктаў і будаўнічых матэрыялаў", "Дрэваапрацоўчыя вытворчасці", "Будаўніцтва і эксплуатацыя сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення" і "Мантаж і эксплуатацыя сістэм цеплагазабеспячэння і вентыляцыі".
Прыёмная камісія Ваўкавыскага каледжа Купалаўскага ўніверсітэта запрашае абітурыентаў да падачы дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі на наступныя спецыяльнасці: "Пачатковая адукацыя", "Абслугоўваючая праца і выяўленчая творчасць", "Навучанне замежнай мове (англійская, нямецкая)", "Дызайн (графічны)", "Дызайн (графічны)" "Педагагічнае суправаджэнне". Таксама ажыццяўляецца набор на спецыяльнасць "Дашкольная адукацыя" на аснове агульнай сярэдняй адукацыі.
Лідскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы адкрывае шырокія магчымасці для выпускнікоў базавай школы. У рамках прыёмнай кампаніі ўстанова адукацыі ажыццяўляе набор абітурыентаў на аснове агульнай базавай адукацыі па 8 запатрабаваных спецыяльнасцях: "Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў", "Абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў", "Тэхнічная эксплуатацыя сродкаў вылічальнай тэхнікі", "Тэхнічная эксплуатацыя прыбораў і апаратаў", "Планава-эканамічная і аналітычная дзейнасць", "Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў", "Дашкольная адукацыя", "Пачатковая адукацыя".
Жадаем абітурыентам адказна падысці да выбару спецыяльнасці і верыць у свае сілы! Падрабязней азнаёміцца з прахаднымі баламі мінулых гадоў і планам набору можна на сайтах Ваўкавыскага, Лідскага, Гуманітарнага і Тэхналагічнага каледжаў.