Рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка працягвае інспектаваць ход уступнай кампаніі ва ўніверсітэцкіх каледжах. Разам з прарэктарам Вячаславам Раманенкам яна наведала Ваўкавыскі каледж, дзе азнаёмілася з працэсам прыёму дакументаў і першымі вынікамі набору.
Ацэньваючы працу прыёмнай камісіі каледжа, Ірына Фёдараўна адзначыла высокі прафесіяналізм, кампетэнтнасць і зладжанасць, з якімі працуюць супрацоўнікі навучальнай установы.
Ваўкавыскі каледж Купалаўскага ўніверсітэта прапануе абітурыентам шырокі спектр спецыяльнасцей. На аснове агульнай базавай адукацыі вядзецца набор на спецыяльнасці: «Пачатковая адукацыя», «Абслугоўваючая праца і выяўленчая творчасць», «Навучанне замежнай мове (англійская, нямецкая)», «Дызайн (графічны)», «Дашкольная адукацыя», «Арганізацыя турыстычных паслуг» і «Педагагічнае суправаджэнне». Таксама на спецыяльнасць «Дашкольная адукацыя» ажыццяўляецца набор на аснове агульнай сярэдняй адукацыі.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі Ваўкавыскага каледжа Алена Бернат падзялілася інфармацыяй аб ходзе кампаніі і яе асаблівасцях. Яна адзначыла, што сёлета каледж прымае абітурыентаў выключна на бюджэтную форму навучання, што з'яўляецца вялікім плюсам для абітурыентаў.
– Наш план прыёму складае 230 чалавек. Галоўная навіна гэтага года – набор выключна на бюджэтныя месцы. Мы ўпэўнены, што гэта выдатная навіна для абітурыентаў, бо кожны з іх атрымае магчымасць вучыцца бясплатна і атрымліваць стыпендыю, – падкрэсліла Алена Бернат.
План набору на большасць спецыяльнасцей Ваўкавыскага каледжа складае 30 чалавек. Выключэннем сталі напрамкі «Дызайн (графічны)» і «Навучанне замежнай мове (англійская, нямецкая)» – туды плануюць прыняць па 25 абітурыентаў.
Асаблівую ўвагу адказная сакратарка прыёмнай камісіі звярнула на яшчэ адну навіну гэтага года. Паступаючыя на спецыяльнасці, дзе праводзяцца ўступныя іспыты, атрымаюць другі шанс: у выпадку непаступлення ў іх застанецца яшчэ тры дні, каб выбраць іншую спецыяльнасць і падаць на яе дакументы.
Гаворачы аб бягучых выніках прыёму, Алена Бернат паведаміла, што ўжо выкананы план на спецыяльнасць «Дызайн (графічны)», хоць падача дакументаў на дадзеную спецыяльнасць скончыцца толькі заўтра. На астатнія спецыяльнасці план набору таксама амаль выкананы.
Таксама Алена Бернат асобна спынілася на геаграфіі абітурыентаў. Апроч традыцыйнай Брэсцкай вобласці сёлета актыўна падаюць дакументы абітурыенты з Мінскага і Гомельскага рэгіёнаў, а таксама з горада Браслава. Акрамя таго, паводле слоў адказнага сакратара прыёмнай камісіі, паступаць у Ваўкавыскі каледж прыязджалі нават з Санкт-Пецярбурга.
Пра сваё паступленне ў каледж расказаў выпускнік сярэдняй школы № 3 горада Пінска Ягор Ракач, які выбраў спецыяльнасць «Арганізацыя турыстычных паслуг».
– Я выбраў спецыяльнасць «Арганізацыя турыстычных паслуг», таму што з дзяцінства захапляюся падарожжамі. Ваўкавыскі каледж прыцягнуў мяне тым, што пасля дзявятага класа толькі тут знайшлася прафесія па душы.
Нагадаем, што прыём дакументаў у Ваўкавыскі каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на аснове агульнай базавай адукацыі працягнецца па 3 жніўня, а на аснове агульнай сярэдняй адукацыі – па 11 жніўня.