У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працягваецца выдача сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання. Абітурыенты могуць атрымаць свае дакументы ў парадку жывой чаргі па адрасе: завулак Тэлеграфны, 15А. Пункт выдачы працуе па буднях з 9.00 да 18.00. Таксама для зручнасці абітурыентаў арганізаваны дадатковы працоўны дзень у суботу, 1 жніўня.
Каб атрымаць сертыфікат, у пункце выдачы неабходна прад'явіць дакумент, які сведчыць асобу, дакумент аб адукацыі (атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, дыплом аб прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі), а таксама пропуск з адзнакай "Тэсціраванне прайшоў", які адбіраецца. Акрамя таго, абітурыенту трэба паставіць подпіс у ведамасці выдачы сертыфікатаў ЦТ.
Калі абітурыент не можа асабіста з'явіцца па вынікі ЦТ, сертыфікат могуць атрымаць яго законныя прадстаўнікі. Для непаўналетніх - пры прад'яўленні пашпарта, дакумента, які пацвярджае статус законнага прадстаўніка, і копіі пашпарта абітурыента. Для паўналетніх - на падставе натарыяльна заверанай даверанасці і пашпарта прадстаўніка.
Прыёмная кампанія ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы выходзіць на фінішную прамую. У абітурыентаў застаецца апошняя магчымасць стаць часткай вялікай купалаўскай сям'і - падача дакументаў на платную форму вышэйшай адукацыі працягнецца па 1 жніўня. Прыёмная камісія чакае абітурыентаў штодня з 9:00 да 18:00 па адрасе: вуліца Леніна, 32.