У каледжах Купалаўскага ўніверсітэта працягваецца актыўная фаза прыёму дакументаў ад абітурыентаў. Нагадваем крайнія тэрміны падачы заяў за кошт сродкаў бюджэту: для тых, хто паступае на базе 9 класаў - па 3 жніўня, для абітурыентаў на базе 11 класаў - па 11 жніўня. Для спецыяльнасцей, праграма якіх прадугледжвае здачу ўступных іспытаў, прыём дакументаў ажыццяўляўся з 18 па 23 ліпеня.
Пра тое, як праходзіць прыёмная кампанія і якія напрамкі лідзіруюць па колькасці заяў, расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі Авак Вартанян:
- Прыём дакументаў ідзе вельмі актыўна. У Ваўкавыскім, Гуманітарным, Лідскім і Тэхналагічным каледжах конкурс ужо адбыўся практычна па ўсіх спецыяльнасцях. На дадзены момант свабодныя бюджэтныя месцы яшчэ застаюцца па трох напрамках у Тэхналагічным каледжы: "Вытворчасць неарганічных хімічных рэчываў, матэрыялаў і вырабаў", "Тэхналагічнае забеспячэнне машынабудаўнічай вытворчасці" і "Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання для вырабу хімічных прадуктаў і будаўнічых матэрыялаў". Аднак падача дакументаў працягнецца да 3 жніўня, і мы ўпэўненыя, што выканаем лічбы прыёму ў поўным аб'ёме.
Авак Вартанян таксама назваў найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці, дзе разгарнулася самая высокая канкурэнцыя сярод абітурыентаў.
- Традыцыйны лідар па конкурсе - спецыяльнасць «Графічны дызайн» у Гуманітарным каледжы. Пры плане прыёму ў 30 чалавек пададзена ўжо звыш 90 заяў. Высокі попыт захоўваецца на "Дашкольнае адукацыю" - больш за 130 заяў на 100 месцаў, і "Навучанне фізічнай культуры" - звыш 160 заяў на 75 месцаў. У Лідскім каледжы павышанай увагай карыстаецца "Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў" - пададзена больш за 90 заяў на 75 месцаў. У Тэхналагічным каледжы сярод лідараў - спецыяльнасць "Мантаж і эксплуатацыя сістэм цеплагазабеспячэння і вентыляцыі", дзе на 30 бюджэтных месцаў прэтэндуюць ужо 55 абітурыентаў.
А мы нагадваем, па якіх спецыяльнасцях працягваецца прыём дакументаў у каледжы Купалаўскага ўніверсітэта.
Гуманітарны каледж ГрДУ імя Янкі Купалы прапануе абітурыентам шырокі спектр актуальных і запатрабаваных спецыяльнасцей гуманітарнага, педагагічнага і творчага профіляў. Сярод іх - "Дашкольная адукацыя", "Дызайн гукавага асяроддзя", "Навучанне фізічнай культуры", "Дызайн (графічны)", "Дакументацыйнае забеспячэнне кіравання".
У Тэхналагічным каледжы на аснове агульнай сярэдняй адукацыі набор ажыццяўляецца па 8 спецыяльнасцях: "Вытворчасць неарганічных хімічных рэчываў, матэрыялаў і вырабаў", "Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання", "Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання аўтаматызаваных тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей", "Тэхналагічнае забеспячэнне машынабудаўнічай вытворчасці", "Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання для вырабу хімічных прадуктаў і будаўнічых матэрыялаў", "Дрэваапрацоўчыя вытворчасці", "Будаўніцтва і эксплуатацыя сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення" і "Мантаж і эксплуатацыя сістэм цеплагазабеспячэння і вентыляцыі".
Прыёмная камісія Ваўкавыскага каледжа Купалаўскага ўніверсітэта запрашае абітурыентаў падаваць дакументы на аснове агульнай базавай адукацыі на наступныя спецыяльнасці: "Пачатковая адукацыя", "Абслугоўваючая праца і выяўленчая творчасць", "Навучанне замежнай мове (англійская, нямецкая)", "Дызайн (графічны)", "Дашкольная адукацыя", "Арганізацыя турыстычных паслуг" і "Педагагічнае суправаджэнне". Таксама вядзецца набор на спецыяльнасць "Дашкольная адукацыя" на базе агульнай сярэдняй адукацыі.
Лідскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках прыёмнай кампаніі прымае абітурыентаў на аснове агульнай базавай адукацыі па 8 запатрабаваных спецыяльнасцях: «Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў», «Абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў», «Тэхнічная эксплуатацыя сродкаў вылічальнай тэхнікі», «Тэхнічная эксплуатацыя прыбораў і апаратаў», "Планава-эканамічная і аналітычная дзейнасць", "Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў", "Дашкольная адукацыя", "Пачатковая адукацыя".