Сёння, 1 кастрычніка, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы напоўніўся асаблівай, трапяткой атмасферай. У гэты дзень, калі ўся краіна ўшаноўвае мудрасць і аддае даніну павагі тым, за чыімі плячамі дзясяткі пражытых гадоў, а таксама напярэдадні Дня настаўніка, Купалаўскі ўніверсітэт расчыніў свае дзверы для тых, хто прысвяціў яму лепшыя гады свайго жыцця.
У сценах роднай Alma mater сабраліся больш за 20 ветэранаў працы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы – дзеючыя выкладчыкі і тыя, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
З душэўнымі словамі да прысутных звярнулася Ірына Фёдараўна. Яна ад усяго сэрца павіншавала купалаўцаў з надыходзячым Днём настаўніка і падкрэсліла неацэнную ролю кожнага з іх у гісторыі ўніверсітэта.
– Мы часта кажам, што ўніверсітэт без людзей – гэта проста сцены, а жыццё ў яго ўдыхаюць людзі. І такім, які ён ёсць сёння, яго робяць тыя, хто працуе зараз, стоячы на падмурку, створаным папярэднімі пакаленнямі, - адзначыла Ірына Фёдараўна.
Сустрэча працягнулася за кубкам цёплай гарбаты і душэўнай размовай. У коле дружнай універсітэцкай сям'і купалаўцы пагрузіліся ва ўспаміны. Ветэраны дзяліліся гісторыямі пра яркія моманты, перажытыя ў сценах ВНУ, успаміналі калег і сваіх выкладчыкаў.
Дарагія прадстаўнікі сярэбранага ўзросту! Калектыў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ад усёй душы віншуе вас з Днём пажылых людзей. Няхай у вашай душы заўсёды гарыць святло і пануе спакой. Жадаем вам здароўя, якое не падводзіць, і дзён, у якіх менш мітусні і больш простай чалавечай радасці. Няхай ваша мудрасць і вашыя веды будуць не архівам, а компасам, які вядзе маладое пакаленне да новых дасягненняў.