19 студзеня (7 студзеня па старым стылі) 1860 года было адкрыта Гродзенскае Марыінскае вучылішча. Праз два гады яно стала Гродзенскай жаночай Марыінскай гімназіяй пад высокім заступніцтвам гасударыні імператрыцы Марыі Аляксандраўны. Марыінскія гімназіі з'яўляліся навучальнымі ўстановамі, якія рыхтавалі педагогаў – хатніх настаўнікаў і выкладчыкаў. У іерархіі рангаў і чыноў Расійскай імперыі навучальныя ўстановы Ведамства ўстаноў імператрыцы Марыі мелі больш высокі статус, чым гімназіі і вучылішчы Міністэрства народнай асветы. Мэта Марыінскіх гімназій – "не адлучаючы дзяцей ад сямейнага жыцця, даваць ім адукацыю, якая адпавядае іх будучым патрэбам». У гімназіі ў 1867 г. было 95 вучаніц, у 1877 г. - 268, а ў пачатку ХХ ст. - больш за 500. У 1893 г. быў пабудаваны ўласны будынак Гродзенскай Марыінскай гімназіі (цяпер гэта частка галоўнага корпуса УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»). Штат гімназіі складаўся з начальніка, галоўнай і класных назіральніц, выкладчыкаў і іншых служачых. Галоўная назіральніца загадвала выхаваўчай часткай і сачыла за агульным парадкам. Метадычнай лабараторыяй гімназіі выступаў яе педагагічны савет, дзе настаўнікі абмяркоўвалі прапанаваныя Міністэрствам асветы і акруговым начальствам метады выкладання, аналізавалі спосабы і прыёмы навучання, якія выкарыстоўваюцца выкладчыкамі, распрацоўвалі метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў. На апякунскі савет гімназіі былі ўскладзены абавязкі абрання службовых асоб і настаўнікаў, пошукі сродкаў для функцыянавання навучальных устаноў і назіранне за іх выкарыстаннем, нагляд за разумовым і маральным станам навучэнцаў, за добраўпарадкаваннем гімназіі. У канцы кожнага навучальнага года савет павінен быў прадстаўляць справаздачу аб сваёй дзейнасці папячыцелю навучальнай акругі і начальніку губерні, а таксама друкаваць яго ў «Губернских Ведомостях».
Навучальны курс гімназіі быў падзелены на сем класаў і ўключаў у сябе абавязковыя прадметы: Закон Божы, рускую мову і славеснасць, гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, арыфметыку, геаметрыю, фізіку і касмаграфію, чыстапісанне, рукадзелле. За асобную плату жадаючыя вывучалі замежныя мовы (нямецкую і французскую), маляванне, спевы, танцы, музыку. У пачатку ХХ ст. у гімназіі было ўведзена выкладанне лацінскай мовы, дамаводства, гімнастыкі і гігіены. Кошт навучання адной вучаніцы ў жаночай гімназіі складаў у сярэднім 73,13 руб. Ад аплаты за навучанне вызваляліся дочкі служачых жаночых гімназій, якія прапрацавалі ў іх не менш за 3-ы гады; з 1905 - тыя, чые бацькі знаходзіліся ў тэатры ваенных дзеянняў з Японіяй. Таленавітым вучаніцам гімназіі давалі імянныя стыпендыі ганаровага апекуна Д.Н. Бацюшкава (гродзенскага губернатара 1890-1899), генерал-лейтэнанта А.Я. Зурова (Гродзенскі губернатар (1868-1870), ганаровы грамадзянін Гродна), стыпендыя імя П.А. Сталыпіна (Гродзенскі губернатар (1902-1903).
Пры гімназіі была бібліятэка з двума аддзеламі: фундаментальным (для выкладчыкаў) і вучнёўскім. Выдаваўся часопіс «Пралеска», дзе публікаваліся працы вучаніц.
У жніўні 1915 г. Гродзенская Марыінская гімназія была эвакуіравана ў Калугу.