КАСЦЁЛ СВЯТОГА ФРАНЦЫСКА І ЕЗУІЦКІ КАЛЕГІУМ. XVII стагоддзе
Гісторыя педагогікі г. Гродна налічвае не адно стагоддзе. Адной з вядомых навучальных устаноў XVII стагоддзя быў езуіцкі калегіум - адукацыйная ўстанова ордэна езуітаў, якая існавала ў Гродне з 1625 па 1773 г. Гэта была тыповая ўстанова адукацыі Таварыства Езуса на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, якая аб'ядноўвала школу, касцёл і дапаможныя службы ў адзіную сістэму пад назвай «дом Таварыства». Ініцыяваў стварэнне калегіума ў Гродне кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый яшчэ ў 1584 г. Аднак толькі ў 1630 г. была створана Кангрэгацыя студэнтаў і пачала працу бурса музыкантаў. У 1630-40-я гг. у адукацыйную праграму школы былі дададзены клас паэтыкі і клас рыторыкі. Нягледзячы на шматлікія войны сярэдзіны і канца XVII ст. статус школы Таварыства Езуса ў Гродне пастаянна павялічваўся: з 1664 г. - поўны калегіум, з 1709 г. дзякуючы курсу філасофіі для клерыкаў - вышэйшая школа. Тэалогія ў навучальным плане азначала набліжэнне калегіума ўшчыльную да ўзроўню акадэміі / універсітэта. Жыццё калегіума не абмяжоўвалася толькі заняткамі ў класах. З першых дзён работы школы і да роспуску ордэна актыўна працаваў школьны тэатр, які быў абавязковым элементам дыдактычнага працэсу. Для абслугоўвання патрэб шматлікіх членаў калегіума ў 1687 г. заснавалі аптэку, у 1713 г. уладкавалі новае памяшканне бібліятэкі і павялічылі збор кніг. У 1770-1773 гг. у калегіуме сталі выкладаць матэматыку і сучасныя мовы: нямецкую і французскую. У 1772 годзе быў адкрыты шляхецкі канвікт і яго прэфектам быў прызначаны Францішак Ксаверый Богуш (1746-1820), які адыграў у далейшым значную ролю ў развіцці сістэмы адукацыі Рэчы Паспалітай. У 1773 г. у Рыме папа выдаў булу аб роспуску Таварыства Езуса, якая па сутнасці разбурала адзіную еўрапейскую адукацыйную прастору, якая існавала больш за дзвесце гадоў, і ўскосна рыхтавала матэрыяльную базу для стварэння нацыянальных школ. Квітнеючы Гродзенскі калегіум быў перададзены Камісіі нацыянальнай адукацыі, якая на яго базе ў Гродне стварыла акруговую школу, адну з дзевяці ў Рэчы Паспалітай. Для калегіума гэта стала катастрофай. У 1772 годзе яго кадравы склад налічваў 42 чалавекі. З іх у новай школе месца для працы і жыцця было прадастаўлена толькі васьмі прафесарам. Адным з вядомых выпускнікоў калегіума быў астраном, асветнік, рэктар Галоўнай віленскай школы Марцін Пачобут-Адляніцкі (1780-1803). І сёння архітэктурны комплекс езуіцкага калегіума ў самым цэнтры Гродна ў значнай ступені вызначае ўнікальнасць яго гістарычнага аблічча - гэта будынкі былога езуіцкага касцёла св. Францыска Ксаверыя, былой езуіцкай аптэкі (цяпер аптэка-музей), былога ордэнскага дома айцоў-езуітаў (цяпер турма).
ТЭАТРАЛЬНАЯ ШКОЛА АНТОНІЯ ТЫЗЕНГАЎЗА. Другая палова XVIII стагоддзя
Тэатральная школа Антонія Тызенгаўза была адкрыта ў 1774 г. для папаўнення опернай і балетнай труп, а таксама аркестра гродзенскага тэатра і дзейнічала на працягу шасці гадоў - да 1780 г. Для пошуку таленавітых выкладчыкаў, музыкантаў, спевакоў і харэографаў гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз у 1772 г. адправіў у Еўропу капельмайстра і скрыпача Лявона Сітанскага, які затым стаў кіраўніком школы. У школе выкладалі як замежныя музыканты, так і настаўнікі з ліку прыгонных. Педагогамі школы былі фларэнтыйскі кампазітар Карла Абатэ, чэшскія музыканты Чэрхі Эндэрле, браты Вацлаў і Францішак Ержомбка, неапалітанскі харэограф Гаэтан Пецінэцці, танцор з Балоніі Касіма Марэла, мясцовыя музыканты Дамінік Пташынскі, Барталамей і Шымон Сітанскія, Андрэй Тумін, Тадэвуш Вежбаловіч і іншыя. У тэатральную школу набіралі 8-10-гадовых адораных дзяцей прыгонных сялян з навакольных вёсак. Фарміраваліся тры класы - па ступені паспяховасці вучняў. Урокі, згодна з раскладам, ішлі з пяці раніцы да дзевяці вечара. У праграму заняткаў былі ўключаны навучанне ігры на музычных інструментах, танец, спевы, нотная грамата, тэорыя музыкі і кампазіцыя. Вялося выкладанне агульнаадукацыйных дысцыплін: пісьма, арыфметыкі, французскай і італьянскай моў, малявання. Хлопчыкаў навучалі бытавым рамёствам, дзяўчынак - рукадзеллю. Школа давала прафесійную адукацыю высокага ўзроўню, яе выхаванцы і выпускнікі праславіліся на тэатральнай сцэне. Пасля адстаўкі А. Тызенгаўза школа была пераведзена ў г. Паставы.
Падрабязней...
ГРОДЗЕНСКАЯ МЕДЫЦЫНСКАЯ АКАДЭМІЯ. Другая палова XVIII стагоддзя.
Гродзенская медыцынская акадэмія - першая вышэйшая медыцынская навучальная ўстанова на тэрыторыі Беларусі, адкрытая ў 1775 г. Ініцыятарам стварэння акадэміі быў гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз, дырэктарам - спецыяльна запрошаны французскі вучоны, хірург і анатам Жан Эмануэль Жылібер. Дагавор ад 9 мая 1776 года, заключаны з ім, прадугледжваў, што, акрамя выкладчыцкай і навуковай дзейнасці ў акадэміі, ён будзе аказваць дапамогу ў паляпшэнні паслуг аховы здароўя, што было амаль невядома Еўропе XVIII стагоддзя, дзе медыцынскія вышэйшыя навучальныя ўстановы займаліся, у асноўным, падрыхтоўкай кадраў. Першымі студэнтамі акадэміі сталі дзеці сялян і служачых з гаспадарак, якімі кіраваў А. Тызенгаўз. Па асобных праграмах рыхтаваліся дактары для гаспадарак і хірургі для губерняў. Побач з з чытаннем лекцый, у акадэміі шырока практыкавалася навучанне каля пасцелі хворага. У шпіталі на 60 ложкаў вучні выконвалі медыцынскія маніпуляцыі, даглядалі за пацыентамі, праводзілі лабараторныя даследаванні. Пры акадэміі мелася акушэрскае аддзяленне з радзільным домам, дзе навучаліся дзяўчыны. Вучэбная база акадэміі для таго часу была цудоўнай: добра абсталяваны анатамічны і фізічны кабінеты, у бібліятэцы - больш за тры тысячы кніг (з іх пяцьсот рэдкіх). Студэнты ўдзельнічалі ў экспедыцыях па зборы раслін і мінералаў, у батанічным садзе займаліся вырошчваннем лекавых раслін, рыхтавалі з іх у аптэцы лекі. Прафесійны ўзровень выкладчыцкага складу быў высокі. У прыватнасці, у акадэміі выкладаў доктар медыцыны К. І. Вірыён, былы прафесар анатоміі Страсбургскага ўніверсітэта і прыдворны доктар магнатаў Радзівілаў. За сем гадоў працы медыцынскай акадэміі (1775 - 1781 гг.) было падрыхтавана некалькі дзесяткаў спецыялістаў, якія былі накіраваны на працу ў дзяржаўныя маёнткі Вялікага Княства Літоўскага. Акадэмія ў 1781 годзе была пераведзена ў Вільню, дзе стала асновай для стварэння медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта.
Будынак акадэміі ў стылі позняга барока пабудаваны італьянскім архітэктарам Джузэпэ дэ Сака непадалёку ад палаца і тэатра Тызенгаўза.
ГРОДЗЕНСКАЕ ВУЧЫЛІШЧА. XIX стагоддзе
Гродзенская губернская мужчынская гімназія была адкрыта 6 красавіка 1834 г. Пазней атрымала імя генерала А.П. Тормасава. Гімназія была шматмоўнай, і правам паступлення ў яе маглі скарыстацца ўсе, без розніцы ў званнях і веравызнаннях. У гімназіі выкладалі Закон Божы, рускую мову і славеснасць, царкоўна-славянскую, лацінскую, грэцкую, нямецкую, французскую мовы, матэматыку, фізіку, геаграфію, натуральную гісторыю, чыстапісанне, чарчэнне, маляванне. Сямігадовы гімназічны курс даваў навучэнцам сярэднюю адукацыю і рыхтаваў да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гродзенская гімназія славілася ўнікальнай бібліятэкай, калекцыяй мінералаў, нумізматыкі і ўласнай хімічнай лабараторыяй, была не толькі адукацыйным, але і навукова-метадычным цэнтрам горада. Так, у 1876 г. настаўнік гімназіі І.С. Свідзерскі выдаў працу «Некалькі слоў пра рашэнне геаметрычных задач без дапамогі лінейкі». Амаль трыццаць гадоў выкладаў у гімназіі гісторыю, геаграфію і грэцкую мову беларускі гісторык, краязнаўца, адзін з заснавальнікаў Гродзенскага педагагічнага грамадства, аўтар больш за 20 навуковых прац Яўстафій Арлоўскі. Сярод вядомых выпускнікоў гімназіі браты Урублеўскія: Зыгмунт - прафесар фізікі Ягелонскага ўніверсітэта, Эдвард - прафесар хіміі Санкт-Пецярбургскага практычнага тэхналагічнага інстытута, Станіслаў - дырэктар Цэнтральнага ўпраўлення ваеннай прамысловасці Польшчы і Вітаўт - прафесар Вышэйшай Тэхнічнай школы ў Варшаве. У міжваенны час (1921-1939 гг.) у будынку гімназіі размяшчаліся жаночая гімназія імя Э. Плятэр і настаўніцкая семінарыя.
Падрабязней...
ГРОДЗЕНСКАЕ РЭАЛЬНАЕ ВУЧЫЛІШЧА. Пачатак ХХ стагоддзя
Гродзенскае рэальнае вучылішча імя цэсарэвіча Аляксея - сярэдняя навучальная ўстанова, у вучэбным плане якога асноўнае месца было адведзена прадметам прыродазнаўчага цыклу. У 1907 году рэальнае вучылішча размяшчалася ў некалькіх прыватных дамах. Асобны будынак для вучылішча быў пабудаваны на працягу 1911-1913 гг. Вучэбныя заняткі пасля асвячэння пабудаванага будынка пачаліся 11 верасня 1913 года і працягваліся да пачатку Першай сусветнай вайны. Нязменным дырэктарам вучылішча быў Уладзімір Арэставіч Лідэрс.
Вучылішча мела ўласную астранамічную абсерваторыю, у якой размяшчаўся тэлескоп. У 1914 годзе ў вучылішчы было 314 вучняў. Вучэбны працэс у рэальным вучылішчы забяспечвалі 16 выкладчыкаў. У 1920 годзе ў будынку адкрылася Гродзенская мужчынская гімназія ім. Адама Міцкевіча, якая дзейнічала да 1939 г. У гімназіі былі арганізаваны літаратурнае таварыства, харцэрская дружына, выдаваўся ўласны часопіс. У сценах гімназіі працавала плеяда таленавітых настаўнікаў: настаўнік прыродазнаўства, заснавальнік Гродзенскага заапарка Ян Каханоўскі (расстраляны падчас нацысцкай акупацыі), настаўнік нямецкай і лацінскай моў Францішак Данько, настаўнік малявання і працы Тэадор Акршынскі. У 1926 годзе ў будынку гімназіі быў адкрыты музей прыроды. З 1944 года ў будынку размяшчаўся ваенны шпіталь. У 1948 г. будынак быў перададзены сельскагаспадарчаму інстытуту г. Гродна.
Падрабязней...