20 чэрвеня Мінск стаў сведкам грандыёзнага Рэспубліканскага выпускнога, які аб'яднаў будучых спецыялістаў з усёй краіны. Менавіта для іх было арганізавана гэта незабыўнае свята, якое сімвалізуе пачатак новага раздзела ў жыцці. Сярод удзельнікаў - 40 лепшых выпускнікоў Купалаўскага універсітэта на чале з рэктарам Ірынай Кітурка.
Плошча ля Палаца спорту ператварылася ў эпіцэнтр урачыстасці, дзе сабралася каля трох тысяч учарашніх студэнтаў з усёй краіны. Яркая канцэртная праграма з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады, Прэзідэнцкага аркестра, танцавальных калектываў і шоу-балета падарыла гасцям незабыўныя эмоцыі і ўражанні.
Адмысловым сюрпрызам і кульмінацыяй вечара стала з'яўленне ветразніка з пунсовымі ветразямі - знака мары і надзей юнацкасці. Адзначым, свой прафесійны шлях сёлета пачнуць 2528 купалаўцаў. ГрДУ імя Янкі Купалы з гонарам глядзіць у будучыню, якую будуюць яго выпускнікі. Няхай веды, атрыманыя ў сценах роднай Alma mater, стануць трывалым падмуркам для рэалізацыі самых смелых ідэй і дасягненні прафесійных вышынь!