23 лістапада маладыя прадпрымальнікі вынеслі на суд журы свае бізнес-ідэі, а вопытныя эксперты ў сферы прадпрымальніцтва выступілі перад удзельнікамі з майстар-класамі.
У мінулую суботу актавая зала ўніверсітэта на вуліцы Леніна, 5 стаў месцам канцэнтрацыі бізнес-ідэй. Прэзентаваць ідэю праекта і даведацца, што пра яе думаюць паспяховыя прадстаўнікі дзелавога свету сабраліся 12 каманд-удзельніц. Гэта гродзенскія навучэнцы школ, студэнты, выкладчыкі і прадстаўнікі арганізацый.
З прывітальным словам перад удзельнікамі праекта выступілі дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Алег Шыраеў і прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі.
Паміж прэзентацыямі стартапаў удзельнікаў чакалі майстар-класы ад дасведчаных экспертаў. Як ацаніць патэнцыял стартап-ідэі распавяла кіраўнік студыі праектаў і стартапов ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Разава, майстар-клас аб прадпрымальніцкіх экасістэмах правяла дацэнт кафедры дзяржаўнай эканамічнай палітыкі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Ірына Мальгіна, сваім вопытам падзяліўся і заснавальнік Першай маркетынгавай кухні "Эйво" і стваральнік мэблевага брэнда CHOIX Сяргей Вялічка.
Купалаўскі ўніверсітэт на Invest Weekend са сваімі праектамі прадставілі шэсць каманд са студэнтаў і выкладчыкаў. Так, дапамагчы студэнтам стварыць свой прафесійны імідж і стаць прывабным для працадаўцы закліканы праект вучэбна-навуковай вытворчай лабараторыі «Франтал» студэнтаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, а развіваць кававую індустрыю ў Гродна - праект «Фестываль кавы ў Гародні».
Некалькі праектных ідэй на конкурсе прапанавалі студэнты і выкладчыкі факультэта эканомікі і кіравання. Сярод іх - праект па вытворчасці на Гродзеншчыне крафтавай пасцельнай бялізны з лёну з эксклюзіўнай вышыўкай, праект перасоўнай велакафейні «CoffeBike - экскурсіі з радасцю для страўніка!», праект цяплічнай гаспадаркі па вырошчванні зеляніны «Чыпаліна», а таксама амбіцыйны праект па аднаўленні закінутага спіртзавода ў Зэльвенскім раёне і ператварэнню яго ў «гастра-музей». Апошні, дарэчы, быў адзначаны спецыяльнай узнагародай ад журы конкурсу.
Пераможцам XVI Гродзенскага Invest Weekend стаў праект «Інавацыйная гідрагелевая матрыца», распрацоўшчыкамі якога выступілі выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Наталля Глуткіна і Аляксандр Глуткін. Другое месца - у турыстычнага праекта па вывучэнні гродзенскіх славутасцяў «Гуляй-вывучай» ад прадстаўнікоў сярэдняй школы №11. Трэцяе месца заняў праект рэзідэнтаў Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы «ClassicElectro» па мадэрнізацыі некаторых відаў транспарту ў электрамабілі.
У завяршэнні Invest Weekend пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны каштоўнымі прызамі і падарункамі ад арганізатараў і партнёраў мерапрыемства.